“Капуснік БДУ–2014”: неспадзеўкі ад новага пакалення

16 Jan, 2015.

Капустник
Аляксей Пятровіч Багамазаў (намеснік начальніка ўпраўлення выхаваўчай працы БДУ), раздаючы 25 лістапада  ўзнагароды конкурсу “Капуснік БДУ–2014, сказаў пра тое, што ад гэтага факультэта перамогі ніхто не чакаў…
Аднак, нягледзячы на нечаканыя вынікі, капуснік пачаўся цалкам традыцыйна: гімн капусніка (напісаны студэнтам Інстытута журналістыкі Аляксандрам Лапуцькам) праспявалі ўсе ўдзельнікі свята, майстар-клас паказалі пераможцы мінулага года (Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій), а вядучым стаў ужо ўсім вядомы Павел Кіслы.
ІБМТ і адкрылі парад нумароў ад першакурснікаў БДУ. Гэта гісторыя аднаго хлопца, які дзякуючы таму, што стаў вучыцца на найлепшым факультэт, ажывае ў прамым і пераносным сэнсе гэтага слова: сустракае шмат сяброў, становіцца сапраўдным мужчынам, знаходзіць другую палову.
Другім выступілі студэнты з каманды Інстытута журналістыкі. Яны вырашылі паказаць жыццё студэнта пасля ВНУ, а калі быць дакладным, то падчас размеркавання. Вёска Валёнкава, чароўны галоўны рэдактар і тры маладыя журналісты – што яшчэ трэба для добрага нумара?
Мехмат паказаў мюзікл “Студэнты”, дзе галоўнай гераіняй была абітурыентка БДУ. Адразу за імі на сцэну падняўся ФМА, якія, як і належыць сапраўдным дыпламатам, з дзелавой паездкай наведалі загадкавую Індыю. Факультэт філасофіі і сацыяльных навук (каманда спецыяльнасці “Псіхалогія”, якая выклікала абсалютны фурор на ўнутрыфакультэцкім Дні першакурсніка) прадставілі “Алісу ў краіне…несвядомага”, дзе глядач мог убачыць і дзядулю Фрэйда, і дрэва комплексаў, і нават труса з раздвойваннем асобы.
Студэнты факультэта прыкладнай матэматыкі і інфарматыкі паказалі тыповае студэнцкае жыццё і не пралічыліся: простыя і зразумелыя жарты гледачы заўсёды шануюць. Напрыклад, звычайная раніца студэнта пасля вясёлай ночы. Затое прыяцелі ФПМІ з фізфака прапанавалі вельмі нечаканы спосаб здаць усе “хвасты”: паклікаць на дапамогу пінгвінаў, якія растлумачаць і вышэйшую матэматыку, і ланцуг сабраць дапамогуць, і нават па фізкультуры падцягнуты (ну а чаму б і не?).

17 - Физфак
Тэму іспытаў закрануў і эканамфак, там сесія паўставала ў выглядзе дзяўчыны з фільма “Крык”. А яшчэ першакурснікі паказалі, што ж насамрэч адбываецца ў галаве, калі студэнт рыхтуецца “здавацца” (так-так, яны змаглі гэта зрабіць).
Эстафетная палачка перайшла да суровых, але вельмі абаяльных хлопцаў з ваеннага факультэта, якія скарылі ўсіх сваімі танцамі падчас паходу. Далей гледачы перанесліся ў БДУ-Спрынгс геафака, дзе каўбоі і іх спадарожніцы шукалі загадкавую карту.

23-военфак
За імі прыйшлі студэнты…з 60-х, якія вучацца на біяфаку: вось вам і бугі-вугі, і нават амерыканскі студэнт з імпартнымі жуйкамі. Затым дзівіць усіх і кожнага захацелі суседзі біяфака па будынку – радыёфізікі, якія і стваралі ідэальнага студэнта іх факультэта, і змагаліся за сэрца дзяўчыны, а таксама адзін прадстаўнік каманды паказаў фокус адмыслова для філфака (чытаць: для дзяўчат).Пачуўшы такую несправядлівасць, на сцэне з’явіўся філфак: каманда, якая складаецца з адных хлопцаў.
Іх неаднаразова згадвалі ў сваіх нумарах прадстаўнікі матэматычных, фізічных і іншых спецыяльнасцяў, таму яны вырашылі паказаць усё, на што яны здольныя. Гуманітарны факультэт вырашыў узяць вядучага ў закладнікі. За яго жыццё змагаліся Віталь Клічко і Канчыта, а кемны вядучы проста збег.
За такія рэчы гумфак мог панесці адказнасць, пра што не па чутках ведаюць студэнты юрыдычнага факультэта. Праўда, гледачы ўбачылі юрыстаў троху не такімі, як яны заўсёды ўяўлялі: дзяўчаты вырашылі прынесці нотку жаноцкасці ў гэта царства мужчынскай прафесіі.
Калі хлопцы і дзяўчаты з геафака змагаліся за карту, то ДІКСТ зацята шукаў зорку (знак факультэта). Ладна павесялілі залу хімікі і іх дасціпныя жарты. У канцы параду нумароў гістфак адзначыў свой 80-гадовы юбілей, запрасіўшы да сябе ўсе факультэты БДУ.
Калі нумары адгрымелі, камандам засталося чакаць, толькі чакаць вынікаў. Некаторых яны пацешылі, некаторых трохі засмуцілі, але галоўнае – гэта тое, што на тварах кожнага шчырая ўсмешка. А вось і пераможцы:
”    Найлепшы тызер – эканамічны факультэт
”    Найлепшая група падтрымкі – геаграфічны факультэт
”    Найлепшыя дэкарацыі – геафак
”    Найлепшая мужчынская роля – рэдактар газеты (Інстытут журналістыкі)
”    Найлепшая жаночая роля – дзяўчына-сесія (эканамфак)
”    3 месца – гістфак
”    2 месца – Інстытут журналістыкі
”    1 месца – ваенны факультэт
”    Адмысловая ўзнагарода за гульню ў валейбол дасталася зборнай камандзе геаграфічнага факультэта і Інстытута журналістыкі.

Вось так скончылася галоўнае свята першакурснікаў, яно было нечаканым, яркім і вельмі запамінальным.

Крысціна ШУМАЙ
Фота аўтара
25 - геофак

print

Вам таксама можа спадабацца: