Нашы суразмоўцы – аднагодкі, маладыя навукоўцы БДУ. У кожнага з іх свой шлях у навуцы, сваё ўяўленне пра прафесію. Што агульнага і адметнага ў маладых людзей, якіх аб’ядноўвае час і месца дзеяння?
Дацэнт кафедры бія- і нанамеханікі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, Кірыл Юркевіч: — Як і калі вы пачалі займацца навуковай дзейнасцю? — Першыя даследаванні я пачаў праводзіць на другім курсе механіка-матэматычнага факультэта, падчас курсавога праекта. Мой навуковы кіраўнік, дацэнт кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі Сяргей Міхайлавіч Басякоў, паставіў перад мной досыць цікавую задачу, якая ахоплівала як галіну механікі, так і галіну камп’ютарнага мадэлявання. Курсавы праект быў выкананы паспяхова, і яго вынікі я даклаў на 61-й навуковай канферэнцыі студэнтаў і аспірантаў БДУ. Усе наступныя курсавыя працы, а таксама магістарская і кандыдацкая дысертацыі былі выкананы пад кіраўніцтвам Сяргея Міхайлавіча. Непасрэдна біямеханікай я пачаў цікавіцца на чацвёртым курсе. Інавацыйны праект Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь “Распрацаваць методыку аўтаматызаванага праектавання і аптымізацыі канструкцый зубасківічных пратэзаў і артадантычных апаратаў пры анамаліях і дэфармацыях сківічна-тваравай вобласці, абумоўленых расколінамі губы і паднябення, з выкарыстаннем універсальных CAD/CAE/CAM-сістэм”, які наш універсітэт выконваў сумесна з Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам, абудзіў ува мне яшчэ большую цікавасць да гэтага кірунку. — Чаму была прысвечана ваша кандыдацкая дысертацыя? — Тэма маёй кандыдацкай дысертацыі “Біямеханічнае мадэляванне напружана-дэфармаванага стану сістэмы зуб-перыядонт пры артадантычным лячэнні”. Праца была прысвечана распрацоўцы матэматычных мадэляў перыядантальнай абалонкі, якія дазваляюць вызначаць напружана-дэфармаваны стан перыядонта пры дзеянні артадантычнай нагрузкі. Гэтыя мадэлі даюць магчымасць разлічыць аптымальныя высілкі, якія трэба прыкласці да зуба, каб ссунуць яго на зададзеную велічыню ў зададзеным кірунку. — Якое практычнае значэнне маюць вашы даследаванні? — У клінічных умовах урач у большасці выпадкаў прымае рашэнні, абапіраючыся на адчуванні пацыента і свой асабісты досвед. Распрацаваныя матэматычныя мадэлі дазваляюць даць рэкамендацыі, якія значна павялічваюць эфектыўнасць артадантычнага лячэння. Напрыклад, у сувязі з тым, што кожны чалавек індывідуальны, урачу даводзіцца ствараць канструкцыі артадантычных апаратаў і сістэм брэкетаў канкрэтна пад пацыента. І ў кожным асобным выпадку трэба прымаць рашэнне пра выраб найбольш эфектыўнай сістэмы для дадзенага чалавека. Тут і пачынаюць працаваць нашы матэматычныя мадэлі, з дапамогай якіх, з аднаго боку, можна даць рэкамендацыі па стварэнні артадантычнай канструкцыі, якая дазволіць дамагчыся найлепшых вынікаў па выраўноўванні зубнога шэрагу, а з іншага боку – пазбегнуць болевых адчуванняў пацыента. Таксама знойдзеныя суадносіны можна выкарыстоўваць для распрацоўкі камп’ютарнага пакета, які дазваляе вызначаць пачатковыя перасоўванні каранёў зубоў, а таксама ажыццяўляць візуалізацыю становішча каранёў зубоў да і пасля прыкладання нагрузкі. Такая праграма дазволіць урачам-стаматолагам прагназаваць магчымыя вынікі лячэння ў рэжыме рэальнага часу.
“ІДЭАЛЬНЫ ГОРАД” і “БЕЛЫЯ ПЛЯМЫ” Ў ГІСТОРЫІ
Аліна Верамейчык, кандыдат гістарычных навук, гістфак БДУ: Якія аргументы вызначылі выбар тэмы Вашай дысертацыі “Нясвіжская ардынацыя Радзівілаў (1586–1814 гг.): фарміраванне тэрыторыі, адміністрацыйнае кіраванне і сацыяльна-эканамічнае развіццё” — Я з’яўляюся ўраджэнкай горада Нясвіжа. Даследаваннем спадчыны Радзівілаў на гістарычным факультэце БДУ займаюся з першага курса. Прадстаўнікі роду Радзівілаў гралі важную ролю ў культурным, сацыяльна-эканамічным і палітычным развіцці беларускіх земляў. Іх унёсак у гісторыю нашай дзяржавы не страчвае актуальнасці на працягу ўжо пяці стагоддзяў. Вывучыўшы гістарыяграфію па гісторыі магнацкага роду Радзівілаў, я вызначыла для сябе шэраг навуковых праблем, якія не атрымалі шырокага асвятлення ў айчыннай гістарычнай навуцы. Адна з іх – даследаванне буйнога прыватнага зямельнага валодання Радзівілаў – Нясвіжскай ардынацыі. Сёння спадчына Нясвіжскай ардынацыі прадстаўляе нашу краіну ў гісторыка-культурнай сусветнай прасторы і знаходзіцца пад апекай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 2000 годзе Мірскі замак і ў 2005 – Нясвіжскі замак былі занесены ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Нясвіжская ардынацыя – унікальная з’ява ў гісторыі Беларусі, якая захоўвае нямала таямніц, чым выклікае велізарную цікавасць у навукоўцаў і турыстаў. Яна аб’яднала ў сабе заходнееўрапейскія і беларускія прававыя традыцыі, мела асаблівасці ў сацыяльна-культурным развіцці і грамадскіх адносінах.Таму менавіта даследаванне Нясвіжскай ардынацыі я абрала ў якасці тэмы дысертацыі ў аспірантуры БДУ, чым і займалася на працягу 8 гадоў.
— Якія знакавыя падзеі і людзі цікавыя Вам як гісторыку? — Звычайна прадметам абмеркавання становяцца знакавыя гістарычныя падзеі, такія як ваенныя дзеянні ці навуковыя адкрыцці. Мне цікавейшая гісторыя штодзённасці беларускіх земляў, бо яна дазваляе зразумець нашу лакальную сацыяльна-культурную цэласнасць. Таму я хацела б адзначыць Мікалая Радзівіла Сіротку (1549–1616). Ён быў ваенным, дзяржаўным і рэлігійным дзеячам Вялікага Княства Літоўскага, прымаў актыўны ўдзел у дыпламатычных місіях і шмат падарожнічаў.
Дзённік вандраванняў князя меў ашаламляльны поспех. Кніга вытрымала больш за 19 перавыданняў на польскай, нямецкай, лацінскай і рускай мовах. Аднак Мікалай Радзівіл Сіротка быў не толькі палітычнай постаццю ў беларускай гісторыі. Жыхары Нясвіжа з асаблівай цеплынёй ставяцца да князя. Пры дапамозе італьянскага архітэктара Джавані Марыя Бернардоні князь увасобіў у Нясвіжы ідэю праекта “Ідэальнага горада”, папулярнага ў эпоху Рэнесансу. Былі рэалізаваны самыя сучасныя ідэі філасофіі горадабудаўніцтва: галоўныя вуліцы сталі праспектамі, былі збудаваны цэнтры лекавання і медыцыны – бенедыктынскі і езуіцкі манастыры, адкрыты езуіцкі калегіум, спраектаваны пляц для арганізацыі гандлю і культурнага жыцця насельніцтва горада. Князю прыналежыць выслоўе: “Для Сябе будую дом. Табе, нашчадак, у добры дарунак. Калі падабаецца – прымі з падзякай. Калі дрэнна – пабудуй новы”. Падзея ў гісторыі, звязаная з жаданнем уладкавання горада, у якім жыў князь, у выніку сыграла значную ролю ў айчыннай гісторыі. Пакінутая Мікалаем Радзівілам Сіроткам спадчына Нясвіжа захавалася да нашых дзён і стала гісторыка-культурным здабыткам беларускіх земляў. Варта сказаць і пра ролю жанчыны ў паўсядзённай гісторыі Беларусі. Францішка Уршуля Радзівіл (1705–1753 гг.) – вядомая асоба ў галіне тэатральнага мастацтва.
Княгіня стала першай жанчынай-драматургам у гісторыі Беларусі. Творчая дзейнасць Ф. У. Радзівіл мела велізарнае значэнне ў станаўленні першых прыдворных тэатраў у XVIII ст. Яе пяру прыналежаць 16 п’ес і 17 оперных лібрэта. Дзякуючы княгіні першыя тэатральныя пастаноўкі на беларускай зямлі былі ажыццёўлены ў 1746 г., на некалькі гадоў раней, чым у Расіі і Польшчы. Княгіня не толькі пакінула нам у спадчыну свой тэатральны талент, але і прыадчыніла завесу таямніцы пра асабістае жыццё знакамітых у гісторыі Беларусі прадстаўнікоў магнацкіх родаў. Большасць сваіх твораў княгіня прысвячала мужу. Шматлікія пастаноўкі насілі камедыйна-эратычны характар. Аднак мала хто ведае, што вобразы для твораў княгіня пазычала з асабістага жыцця сваёй сям’і, сяброў і знаёмых. Яны ж часта выступалі і акцёрамі тэатра княгіні. Вялікую цікавасць уяўляюць не толькі тэатральныя пастаноўкі Ф. У. Радзівіл, але і яе лісты мужу, якія княгіня пісала толькі ў вершаванай форме. Выклікае захапленне, як тонка і хораша можна сказаць, напрыклад, пра побытавыя праблемы (зламаны камін ці мэблю). Сёння мы развучыліся прыгожа казаць пра свае пачуцці. Тое, што мы можам сказаць адной фразай: “Я цябе кахаю”, – княгіня выкладала ў аб’ёме адной старонкі. — Ці існуюць “белыя плямы ў гісторыі”, або гэта – метафара? — Выраз “белыя плямы ў гісторыі” па сваёй сутнасці – метафара. Аднак, на мой погляд, яна адлюстроўвае рэчаіснасць сучаснага свету. У гэтым няма дзіва. Чалавек – істота гістарычная. Ён расце, змяняецца, развіваецца з цягам часу, з’яўляецца прадуктам гэтага развіцця. Таму цікавасць да гісторыі існуе з тых часоў, як з’явіўся чалавечы род. Гісторыя вывучае мінулае. Аднак мінулае вывучыць дасканала немагчыма. Яно выткана з мноства гістарычных фактаў, лагічна звязаных і не звязаных паміж сабой. Мне здаецца, што тлумачэнні фактаў гісторыі заўсёды суб’ектыўныя і часта вызначаюцца светапоглядам. Новыя адкрыцці часам ставяць у тупік тэорыі, якія ўжо склаліся. Таму развагі пра дакладную мадэль гісторыі чалавецтва беспрадметныя. Спробы аб’яднаць іх прыводзяць да супярэчлівых высноў, якія і становяцца фактарам з’яўлення “белых плям” у гісторыі. Яны робяць наша мінулае цікавым, прымушаючы чалавека выяўляць дапытлівасць, і падштурхоўваюць яго да новых адкрыццяў. Айчынная гісторыя не з’яўляецца выключэннем у гэтым працэсе. — Якія, на Ваш погляд, прыярытэты ў беларускай гістарычнай навукі? — На мой погляд, гэта захаванне спадчыны. Рэспубліка Беларусь выступае надзейным партнёрам на сусветнай арэне і сваім стаўленнем да спадчыны паказвае, што для нас гэта справа гонару. Нашы высілкі на шляхі інтэграцыі ў культурны сусветны кантэкст ацэнены. Адкрыты шырокія перспектывы для развіцця турызму і міжкультурных камунікацый. Напрыклад, доказам гэтага з’яўляецца гістарычная спадчына Нясвіжа. — Менавіта таму Вы абралі тэмай сваёй дысертацыі Нясвіжскую ардынацыю князёў Радзівілаў?— Я з’яўляюся ўраджэнкай Нясвіжа. Унёсак прадстаўнікоў роду Радзівілаў у гісторыю нашай дзяржавы не страчвае актуальнасці на працягу ўжо пяці стагоддзяў. Сёння спадчына Нясвіжскай ардынацыі прадстаўляе нашу краіну ў гісторыка-культурнай сусветнай прасторы і знаходзіцца пад апекай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ЮНЕСКА. Я вельмі ганаруся тым, што мая радзіма мае гэтулькі гістарычных таямніц, якія жадаецца даследаваць. — Хто, як Вы думаеце, самы яркі прадстаўнік у гісторыі Нясвіжскай ардынацыі? — Нясвіжская ардынацыя – гэта самае буйнае валоданне роду Радзівілаў са сталіцай у Нясвіжы, створанае ў канцы XVI ст. І, вядома ж, хочацца адзначыць яе заснавальніка – Мікалая Радзівіла Сіротку. Ён быў знакамітым дзяржаўным дзеячам Вялікага княства Літоўскага. Але мне больш за ўсё гэты чалавек сімпатычны за яго авантурызм і бясстрашнасць перад рэалізацыяй, здавалася б, утапічных праектаў. Ён аб’яднаў 68 маёнткаў у ардынацыю і разгарнуў у іх маштабнае горадабудаўніцтва і будаўніцтва рачных портаў. — А як бы Вы асабіста адной фразай ахарактарызавалі спадчыну Нясвіжа? — Гэта “Ідэальны горад”.
І гэта не проста камплімент гораду, а рэальны гістарычны факт. У канцы XVI ст. у Нясвіжы былі ўвасоблены самыя сучасныя ідэі філасофіі горадабудаўніцтва ў эпоху Рэнесансу, вядомыя пад назвай “Ідэальны горад”. Гэта спадчына Нясвіжа захавалася да нашых дзён і стала гісторыка-культурным здабыткам беларускіх земляў. —Ці ведаюць гісторыю Беларусі ў далёкім замежжы? — Беларуская гісторыя вельмі багатая. І вывучаюць гісторыю беларускіх земляў ужо даўно. Напрыклад, у 1938 г. у Нью-Ёрку прайшла выстава: у залах “Доблесці” экспанаваліся дакументы пра ваенную гісторыю беларускіх земляў. Матэрыялы для выставы былі запазычаны з радзівілаўскага архіва. Вядома, замежнікі ведаюць беларускую гісторыю, але недастаткова добра. Галоўным чынам да беларускай гісторыі большую цікавасць выяўляюць нашы суседзі. У нас вялікі навуковы патэнцыял і веданне замежных моў для навучання студэнтаў з-за мяжы і правядзенні экскурсій. Аднак не толькі едуць да нас госці, але і мы выяўляем актыўнасць і распавядаем пра гісторыю Беларусі з кафедраў замежных ВНУ.
З маладымі навукоўцамі сустракалася Жанна ВАСАНСКАЯ