Камбінат грамадскага харчавання БДУ абслугоўвае ўсе падраздзяленні нашага ўніверсітэта. Яго новы дырэктар Жанна ВАРАНКЕВІЧ адразу пачала пераўтварэнні. Першае, што з’явілася з паслуг – гэта ежа на вынас (take away). Аднак кардынальныя змены наперадзе.
– Жанна Вячаславаўна, тры месяцы таму Вы занялі пасаду дырэктара РВУП «Камбінат грамадскага харчавання БДУ» і ўжо пачалі рэалізоўваць уласныя ініцыятывы…
– Сапраўды, усе сталовыя камбіната ў хуткім часе спазнаюць змены, як у плане афармлення, так і ў сферы дадатковых паслуг. Некаторыя з іх будуць пераўтвораны ў кафэ ці бістро і пачнуць працаваць у вячэрні час. Гэта датычыцца сталовай Інстытута журналістыкі і буфета
№ 8 на вуліцы Курчатава. Фінансаваць мадэрнізацыю гэтых устаноў будуць інвестары, якія з’яўляюцца пастаўшчыкамі прадукцыі на камбінат.
План па пераўтварэнні сталовай на Кальварыйскай, 9 ужо падрыхтаваны і чакае ўзгаднення. На рэканструкцыю аб’ект зачыняцца не будзе. Яго пераабсталяванне будзе праводзіцца ў суботу і нядзелю. У памяшканні сталовай збіраемся ўсталяваць дзве канвеерныя стужкі самаабслугоўвання. Павінна з’явіцца VIP-зала з асобнымі дзвярыма, а таксама тэлевізары для прагляду тэлеперадач і бесправадны інтэрнэт. Наведвальнікам VIP-залы, пры жаданні, будуць нават выдавацца пледы. Газеты, часопісы і кнігі змогуць пачытаць усе. Паліца з літаратурай будзе прымацавана ў вялікай зале кафэ.
Акрамя гэтага моладзевая аўдыторыя зможа пакарыстацца настольнымі гульнямі, такімі, як «Уна», «Манаполія», даміно. Кожны з гасцей зможа выбраць меню па сваім гусце. Яго меркаваныя назвы гавораць самі за сябе: «Падчас сесіі і напружанай працы», «Поснае», «Вегетарыянскае», «Спартыўнае харчаванне», «Для сапраўдных мужчын» і іншае. Акцэнт будзе зроблены на натуральныя інгрэдыенты: піцу, бургеры, салаты, сушы, славянскую і беларускую кухню (дранікі, манты, супы).
Мы збіраемся перавесці кафэ на працяглы рэжым працы. З 10.00 да 16.00 яно будзе прапаноўваць даступныя па цане для студэнтаў абеды з нацэнкай у 50 %. З 16.00 да 23.00 нацэнка на стравы ўжо вячэрняга меню падымецца да 100 %.
Аднак студэнты БДУ і ў гэтым выпадку атрымаюць зніжку ў 10 – 15 % пры прад’яўленні студэнцкага білета. Наогул, яны будуць абслугоўвацца ў кафэ на выгадных умовах. Напрыклад, прапанова «Больш – лепш» дасць магчымасць купляць ім тры кактэйлі па цане двух, 5 чызкейкаў па цане чатырох і г. д. Прапанова «Вялікая кампанія» дазволіць студэнтам з 10 чалавек дадаткова да асноўнага заказу бясплатна атрымаць піцу або яе эквівалент роўны суме ў 50 тыс. рублёў. Побач з надпісам «Журфак рэкамендуе» яны змогуць заўсёды знайсці «Страву дня», кошт на якую будзе зніжаны на 5 %.
Заўважана, што студэнты часта сутыкаюцца з праблемай, дзе з групай адсвяткаваць свой дзень нараджэння. У кафэ яны могуць дадаткова атрымаць у падарунак торцік і набор святочных свечак, а таксама замовіць імянінніку любімыя музычныя кампазіцыі, зразумела, пры ўмове заказу асноўнага меню на пэўную суму.
Думаю, што ўсе нашы прапановы спадабаюцца студэнтам. З таго часу, як адчыніцца кафэ, ім не патрэбна будзе шукаць іншае месца ў горадзе, каб сустрэцца вечарам за кубачкам кавы ці гарбаты, пазнаёміцца, пагаварыць. Іх выкладчыкі таксама не прайграюць. Для іх – карпаратыўныя мерапрыемствы. Кафэ возьмецца абслугоўваць і навуковыя канферэнцыі, якія праводзіць Інстытут журналістыкі.
– Якія яшчэ ўстановы грамадскага харчавання БДУ будуць мадэрнізаваныя?
– Бачу, што ў буфета № 8 у Шчомысліцы ёсць патэнцыял для пераўтварэння ў піцэрыю. Паколькі там закрытая зона і моладзі больш няма дзе паесці, а перапынкі паміж заняткамі невялікія, то ў гэтым выпадку якраз для перакусу падыдзе піца або гамбургер, усялякія салаты і закускі. Піцэрыя таксама будзе дзейнічаць пазней, чым зараз працуе буфет, магчыма, да 22.00.
Вельмі б хацелася рэарганізаваць сталовую хімкорпуса. Сталовая ў тым выглядзе, у якім яна зараз існуе, зусім нерэнтабельная і не прыносіць прыбытку. Аднак працаваць трэба. Хутка ёй будзе перададзены буфет, які размяшчаецца на Маскоўскай, 5. Пасля новаўвядзенняў там таксама пачне функцыянаваць кафэ-бістро. У сувязі з гэтым нам хацелася б, каб тэрыторыя хімкорпуса, якая аддадзена ўстановам грамадскага харчавання збоку, была вернута назад. Бо КГХ БДУ ў стане аказваць любыя паслугі студэнтам і супрацоўнікам універсітэта.
Дадам, што цэх кандытарскіх вырабаў, які прыносіць найбольшы прыбытак, таксама застанецца пад увагай. Мы пастараемся парадаваць студэнтаў і выкладчыкаў новай выпечкай. У хуткім часе яны змогуць пакаштаваць дэсерты, круасаны, пірожнае «Напалеон» і «Мядовае».
Мы імкнёмся выпрацаваць адзіны і непаўторны стыль для ўстаноў грамадскага харчавання БДУ са сваім аднолькавым асартыментам страў і напояў. У стварэнні стылю немалую ролю пачнуць адыгрываць назвы аб’ектаў.
У афармленні інтэр’ера сталовых і кафэ важна, каб у будучым прысутнічаў цёплы тон, які б садзейнічаў добраму апетыту. Гэта могуць быць розныя адценні тэракотавага, бэжавага і аліўкавага колераў. Спачатку мы хацелі прывязацца да лагатыпа БДУ і выкарыстаць блакітны і сіні колеры. На жаль, гэтыя адценні, прыдатныя для добрай разумовай працы, для грамадскага харчавання не зусім падыходзяць. У паняцце стылю яшчэ ўваходзяць вывескі, рэклама, мэбля, персанал. Усё гэта таксама зазнае змены.
– Планаў вельмі шмат. Ці атрымаецца іх рэалізаваць?
– Ажыццявіць усе планы адразу немагчыма. Трэба рабіць усё паступова. У мяне ёсць асобны план на кожны аб’ект грамадскага харчавання ва ўніверсітэце. Зараз мы адкрываем буфет у толькі што адрамантаваным інтэрнаце № 3. Затым возьмемся за сталовую на Кальварыйскай, 9. Пазней падыдзе чарга і буфета на вуліцы Курчатава ў Шчомысліцы.
Я пазітыўны чалавек і ўсіх зараджаю сваім пазітывам.
– Перамены павінны дапамагчы павысіць рэнтабельнасць прадпрыемства …
– У такіх вялікіх арганізацыях, як БДУ, камбінат грамадскага харчавання заўсёды будзе рэнтабельным. У студэнцкіх сталовых нацэнка на абедзеннае меню невялікая, усяго 50 %. Аднак паколькі сталовых і буфетаў ва ўніверсітэце шмат, то таваразварот застаецца на высокім узроўні, што ўплывае на рэнтабельнасць. Для таго, каб яна была яшчэ большай, варта павялічыць асартымент і палепшыць якасць страў.
Першай прыкметай, што асартымент і якасць ежы сталовай на належным узроўні, з’яўляецца колькасць наведвальнікаў. Калі я заходжу ў сталовую і назіраю наплыў людзей, то гэта для мяне добры знак. Бывае, што я наўмысна станаўлюся ў чаргу, каб праверыць якасць абслугоўвання ў нашых установах харчавання. І іншы раз мне не хапае часу, каб дастаяць да канца. Апошнім часам я кожны дзень адсочваю колькасць наведвальнікаў па чэках.
Як новы кіраўнік КГХ, магу засведчыць, што асартымент страў ва ўніверсітэцкіх сталовых у параўнанні з іншымі ведамаснымі сталовымі дастатковы. Цэны на стравы ва ўстановах грамадскага харчавання БДУ невялікія і даступныя. Нашы студэнты і выкладчыкі могуць пачаставацца смачнай выпечкай, наварыстымі супамі, разнастайнымі салатамі і г. д.
Ва ўніверсітэце працуюць вельмі вопытныя павары. Некаторыя з іх гатуюць стравы для супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ на працягу 20 гадоў. Я таксама збіраюся абапірацца на іх вопыт. А вось на раздачы і на зале з’явіцца новы персанал. З новымі барменамі, афіцыянтамі я сама бяруся праводзіць навучанне і трэнінгі.
– Якое ў вас склалася ўражанне ад работнікаў сталовых БДУ?
– Я люблю працаваць з персаналам, ставіць перад супрацоўнікамі задачы і матываваць іх. Калі чалавек разумее, што ён патрэбны прадпрыемству, то пачынае працаваць з аддачай. Я пачала размаўляць з людзьмі наконт павелічэння продажу. Спрабую давесці да іх ведама, што ад гэтага будзе цяпер залежаць і заробак. Пакуль мне складана. Бо многія з супрацоўнікаў нашага камбіната прызвычаіліся прытрымлівацца пэўных паказчыкаў таваразвароту, бо зарабляюць фіксаваныя грошы.
– Паколькі новаўвядзенняў у сферы харчавання ўніверсітэта будзе шмат, то хочацца адразу пра іх даведвацца. Як вы збіраецеся інфармаваць кліентаў?
– Хутка ў нас з’явіцца свой сайт. На ім будзем размяшчаць інфармацыю пра сталовыя камбіната, адлюстроўваць усе нашы паслугі і цэны на іх.
Гутарыла Ганна ЛАГУН