Генадзь Мядведзеў: Вялікай любові спачатку не было. Яна неяк так узнікла….

2 Mar, 2015.

медведев+

Заснавальніку кафедры тэорыі імавернасцяў і матэматычнай статыстыкі ФПМІ прафесару Генадзю МЯДЗВЕДЗЕВУ споўнілася 80 гадоў.

У кожнай эпохі ёсць свае героі і вышэйшыя каштоўнасці, правілы і законы, ідалы і ідэалогіі. Мы не маем права судзіць час – ён сам нас рассудзіць. У нас таксама няма магчымасці змяніць мінулае, але мы можам успамінаць яго, ганарыцца ім ці проста быць троху абыякавымі да яго. Усе людзі перажываюць свае нейкія асаблівыя пачуцці да пражытых гадоў, няхай гэта будзе дзяцінства, юнацкасць, сталасць…
Мы вучымся ў найлепшым універсітэце краіны, на выдатных факультэтах і ўлюбёных кафедрах. Але часцяком мы не ведаем ні гісторыі, ні тых, хто стаяў ля вытокаў, хто быў апантаны імк­неннем да ведаў і новых адкрыццяў і спадзя­ваўся перадаць сваё самае патаемнае нам – цяперашнім студэнтам.
Слухаеш голас за кадрам, імкнешся злавіць кожнае слова, кожную фразу, каб не страціць атмасферы, якая пануе ў душы чалавека, які цалкам прысвяціў сябе сваёй справе!
– Генадзь Аляксеевіч, як у Вас з’явілася любоў да матэматыкі і фізікі?
– Можна сказаць, вялікай лю­бові спачатку не было. Яна неяк так узнікла. Прынамсі, я зразумеў, што штосьці магу. Адбыўся такі выпадак у класе шостым, напэўна… Быў урок геаметрыі ў нас. Прый­шоў правяральшчык – гэта дзесьці канец 40-х гадоў, строгія часы былі, настаўнікі баяліся ўсялякіх праверак. А мяне тады выклікалі да дошкі. У нас было так уладкавана: дошка ад сценкі аддзялялася на метр, і звычайна выклікалі двух вучняў (адзін з аднаго боку рыхтуецца, а другі – за дошкай). Вось я і патрапіў туды: паміж дошкай і сценкай. Мне трэба было даказаць нейкую тэарэму, а я яе не вывучыў. Пачаў цяміць і неяк даказаў. Потым ужо, калі вучань, які стаяў перад класам, скончыў, дошку перавяр­нулі, і я пачаў распавядаць. Усё распавёў, мне паставілі адзнаку, а пасля ўрока да мяне падышоў настаўнік і спытаў: «Дзе такі доказ прачытаў, ён не супадае з тым, што ў падручніку?» Гэта быў для мяне знак. Потым у мяне матэматыка пайшла нядрэнна. Вялікай любові я не адчуваў: у тыя часы героямі былі вайскоўцы.
– Вы чалавек з вялікім досведам у навуковай і выкладчыцкай дзейнасці. Якую даследчую працу Вы б вылучылі як самую цікавую?

медведев

Пасяджэнне кафедры ТВіМС (1985 г.), злева направа: У.А.Марозаў,
Л.С.Вараб’ёў, Г.А.Мядзведзеў, Ю.С.Харын, М.М.Зуеў, У.І.Малюгін.

– Яна ўся цікавая. Калі б не была цікавай, я б і не працаваў. Але магу ўзгадаць незвычайную працу – цяпер ужо сакрэтаў вялікіх няма. У 50-х гадах у Еўропе размяшчалі­ся амерыканскія базы, і яны былі ўкамплектаваны кіравальнымі рэак­­тыўнымі снарадамі – там быў такі рэактыўны снарад «Матадор». Ён кіраваўся па радыё, ну і, натуральна, нейкае процідзеянне ў Са­вецкім Саюзе прыдумлялася. Нам прапанавалі наступную працу. Нейкім чынам быў выкрадзены канспект амерыканскага афіцэра, які навучаўся кіраванню «Матадорам», і там была апісана ўся сіс­тэма і дэталі. І вось нам прывезлі гэты канспект. Мы павінны былі прачытаць, разабрацца і стварыць спосаб процідзеяння гэтаму снараду (бо ён кіраваўся па радыё, значыць, спосаб радыёпро­ці­дзеяння). І нам атрымалася тое зрабіць. Натуральна, у справе нашы разлікі не выкарыстоўваліся, паколькі нападу на СССР не было.
– Як прыйшла ідэя адкрыць спецыяльнасць «актуарная матэматыка»?
– Па-першае, фінансаванне навуковай працы было галоўным чынам з Расіі, з цэнтра, а калі з’яві­лася незалежная Беларусь, то знікла магчымасць працаваць па той тэматыцы, па якой працавалі раней. Па-другое, кіраўніцтва патрабавала, каб спецыяльнасці былі не нейкімі абстрактнымі, навуко­вымі, а каб яны былі практычнымі. Мы думалі, меркавалі – нам трэба было пераарыентавацца. І вось аднойчы, калі я быў у каман­дзі­роўцы ў Маскве, я сустракаўся са сваім вучнем – Міхаілам Лугачовым. Цяпер ён з’яўляецца загадчыкам кафедры эканамічнай інфар­матыкі ў МДУ, а ў той час, у 1992 г., ён загадваў навучальнай лабараторыяй на эканамічным факультэце. Ён распавёў, што да іх часта прыязджаюць замежнікі, прапануюць супрацоўніцтва, што ёсць та­кія цікавыя статыстычныя, імавер­насныя тэматыкі. У МДУ гэтай справай ніхто не цікавіўся, і ён прапанаваў мне іх кантакты і даў мне штук пяць візітовак – там былі амерыканцы, англічане, канадцы, палякі. Я напісаў ліст, што ёсць такі калектыў у нас, у БДУ, які цікавіцца статыстыкай, імавернасным аналі­зам, і разаслаў па гэтых адрасах. Адгукнуліся амерыканцы, з Канады таксама быў адказ. Вось так усё і пачыналася. Яны нам дапамаглі метадычнымі дапаможнікамі, мы шмат чаго новага атрымалі. На кафедры ёсць цэлая шафа, дзе змяшчаецца амерыканская літа­ратура. Гэта падштурхнула нас распрацаваць такую спецыяльнасць. А адкрылася яна ў 1993 г. Першы прыём быў толькі платным, а на наступны год Міністэрства адукацыі ўбачыла, што грамадству быў цікавы прапанаваны курс, і вылучыла бюджэтныя месцы.
Знакамітага акадэміка Калмагорава неяк спыталі: «Хто такія матэматыкі?» І ён сказаў: «А, гэта такія карысныя хатнія жывёлы. Але насамрэч мы ўсе, вядома, не матэматыкі, не фізікі, не камуністы, а проста людзі. І калі пра кожнага штосьці казаць, ужо не гумар, а жыццё пачынаецца». Дык вось, гэта жыццё доктара фізіка-матэма­тычных навук прафесара Генадзя Мядзведзева.
Гутарыла  Вольга БОНДАРАВА

Глыбокапаважаны Генадзь Аляк­сеевіч!
Ад шчырай душы віншуем Вас з юбілеем. Жадаем дужага здароўя, новых навуковых здзяйсненняў, поспехаў у педагагічнай дзейнасці, бадзёрасці духу, гармоніі, вясновага настрою, шчасця Вам і вашым блізкім.
Супрацоўнікі і студэнты кафедры 

P.S. З  20 па 26 лютага ў галоўным корпусе БДУ на 3 паверсе (абанемент вучэбнай літаратуры) прайшла тэматычная выстава “Навуковыя працы доктара фізіка-матэматычных навук кафедры тэорыі імавернасці і матэматычнай статыстыкі, прафесара Мядведзева Генадзя Аляксеевіча. Да 80-годдзя з дня нараджэння“.
На выставе былі прадстаўлены вучэбныя дапаможнікі, артыкулы з часопісаў, зборнікі навуковых прац. У мерапрыемстве ўдзельнічалі: юбіляр, супрацоўнікі кафедры імавернасці і матэматычнай статыстыкі ФПМІ БДУ, супрацоўнікі ФБ БДУ, студэнты.

IMG_2041

print

Вам таксама можа спадабацца: