У БДУ 12 сакавіка адбылася сустрэча міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова са студэнцкім прафсаюзным актывам устаноў вышэйшай адукацыі (УВА) нашай краіны. Міністр абмеркаваў з моладдзю рэформу вышэйшай адукацыі, арганізацыю самакіравання, жыллёвае пытанне, матэрыяльную дапамогу і шматлікае іншае.
Міхаіл Жураўкоў павітаў моладзевых лідараў, выказаў спадзяванне на адкрыты дыялог і гатоўнасць выслухаць усе пажаданні. Да яго слоў далучыўся і старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка. Аляксандр Аляксандравіч заявіў, што гэта сустрэча вельмі важная асабліва напярэдадні VIII з’езду прафсаюзаў, і ён разлічвае «падсілкавацца» свежымі ідэямі, і абяцае знайсці ім выкарыстанне.
Затым па надзённых пытаннях прафсаюзнага руху выступілі прадстаўнікі УВА, якія распавялі пра асноўныя кірункі дзейнасці, а таксама пазначылі ключавыя праблемы.
Былі агучаны праблемы недахопу месцаў у інтэрнатах у некаторых УВА і цяжкасці з арэндай жылля, недахопы заканадаўства ў плане аказання матэрыяльнай дапамогі платнікам, пытанні павелічэння датацый студэнцкім санаторыям-прафілакторыям, арганізацыі летняга адпачынку навучэнцаў і інш.
Далей сустрэча з міністрам адукацыі перайшла ў класічны фармат «пытанне-адказ». Загадзя падрыхтаваныя пытанні былі выкладзены ў пісьмовым выглядзе. Акрамя таго, многія з прысутных не абмінулі магчымасць спытаць міністра асабіста. Міхаіл Жураўкоў не пакінуў без увагі ніводнага выступоўцу і ва ўласцівай яму нязмушанай манеры максімальна разгорнута адказаў па кожным з пунктаў.
Наконт падтрымкі студэнтаў платнай формы навучання, пакінутых без бацькоў, міністр запэўніў, што кожная УВА ў стане вырашыць гэту праблему шляхам зніжэння кошту навучання ажно да 100 %. Такія выпадкі ўжо былі ў яго прарэктарскай практыцы. Акрамя таго, ён заклікаў самі прафсаюзы актыўней дапамагаць тым студэнтам, хто патрапіў у цяжкае становішча, у межах сваіх магчымасцяў, а таксама параіў сябрам пацярпелых таксама браць на сябе асабістую адказнасць у найлепшых савецкіх традыцыях.
Па праблеме недахопу месцаў у студэнцкіх інтэрнатах міністр адукацыі заўважыў, што ў нашай краіне робіцца для стварэння ўмоў студэнтам гэтулькі, як, напэўна, нідзе больш у свеце. Тыя ж госці чэмпіянату свету па хакеі проста дзівіліся ўзроўню нашых студэнцкіх інтэрнатаў. Прычым у шматлікіх краінах універсітэты наогул не займаюцца жыллёвымі пытаннямі студэнтаў. Аднак міністр пагадзіўся, што трэба шукаць іншыя варыянты аж да прыцягнення да дадзенай праблемы інвестараў, бізнесменаў, гатовых укласці сродкі ў будаўніцтва жылля для маладых спецыялістаў. Акрамя таго ў міністэрстве адукацыі прапрацоўваюць магчымасць выкарыстання студэнтамі інтэрнатаў іншых арганізацый. Па прадстаўленых прафсаюзам дадзеных, у 10 з 22 найбуйнейшых айчынных УВА, дарэчы ўсе яны не сталічныя, забяспечанасць іншагародніх студэнтаў інтэрнатамі складае больш за 90 % (для параўнання: у БДУ, БНТУ і БДУІР каля 65 %). Так што панікаваць не варта, упэўнены міністр.
Абмеркаванню падвергся і папулярны цяпер Балонскі працэс, умовай рэалізацыі якога ў нашай краіне з’яўляецца наяўнасць органаў студэнцкага самакіравання. Ключавым жа момантам выступае паступовы пераход на двухузроўневую сістэму навучання, што наблізіць беларускую адукацыю да сусветных стандартаў. Па меркаванні М. А. Жураўкова, Балонскі працэс створаны для паразумення, для мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў. Моладзь – галоўны рухавік гэтага працэсу: пры міністру створаны грамадскі савет, у шматлікіх УВА эфектыўна працуюць моладзевыя аб’яднанні, а ў БДУ ўтворана Студэнцкая генеральная асамблея. Міністр пагадзіўся з прапановай увесці палажэнне пра студэнцкае самакіраванне ў Кодэкс аб адукацыі. Разам з тым ён заўважыў, што студэнцкае самакіраванне – гэта не аднабаковы рух, а ўзаемны працэс, дзе прафесары і студэнты супрацоўнічаюць і ўзаемадзейнічаюць раўнапраўна. Міністр лічыць, што трэба больш займацца выхаваннем, прычым абодвух бакоў. Ад студэнтаў М. А. Жураўкоў просіць больш ініцыятывы, настойлівасці і нават настырнасці. «Бярыце ўладу ў свае рукі! А мы вам дапаможам», – параіў міністр адукацыі.
Сябры прафсаюзных арганізацый цікавіліся магчымасцю міністэрства адукацыі аказаць дапамогу ў рэалізацыі праектаў на базе БДУ ў Шчомысліцы (будаўніцтва спартыўнага стадыёна, даўкамплектацыя студэнцкага інтэрната № 3). Міністр адукацыі адказаў, што дадзенае пытанне застаецца адкрытым, бо складанасці з інвеставаннем не дазваляюць яго вырашыць хуткім часам. Тым не менш міністр выказаў спадзяванне, што хуткі візіт кіраўніка КНР у Беларусь паспрыяе рэалізацыі сумеснага праекта ўніверсітэта будучыні.
На пытанне пра канкурэнтаздольнасць беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі на сусветнай арэне міністр адукацыі адказаў, што тут многае залежыць ад сумесных высілкаў навукоўцаў, студэнтаў і выкладчыкаў. Міністэрствам і дзяржавай у цэлым робіцца нямала: УВА шмат у чым забяспечаны сучасным дарагім абсталяваннем, як у той жа Горацкай сельгасакадэміі, дзе нядаўна прайшоў моладзевы форум. Аднак для яшчэ большай канкурэнтаздольнасці фінансавае падмацаванне трэба павялічваць, прызнаў міністр.
Напрыканцы сустрэчы студэнцкія актывісты пацікавіліся, дзе Міхаіл Анатольевіч чэрпае натхненне і што прымушае яго не адступаць перад цяжкасцямі. Міністр адукацыі ўсміхнуўся і прызнаўся, што шчыра любіць моладзь, лекцыі, лабараторыі, працу з калегамі і, вядома ж, спорт. Нагадаў, што жыць трэба актыўна, а думаць выключна пазітыўна, бо, з яго слоў, думкі заўсёды матэрыялізуюцца. Міхаіл Жураўкоў прывёў, што моладзь дае яму сілы рухацца наперад і працаваць стваральна: «Сто пар вачэй – і ўсе пазітыўныя!» Жыць трэба так, каб не было балюча за бязмэтна пражытыя гады, параіў міністр адукацыі Беларусі.
Сяргей ШАФАЛОВІЧ,
Лізавета МАКАРАНКА