Пра Надзею Ельсукову, старшага выкладчыка кафедры тэорыі і практыкі перакладу факультэта сацыякультурных камунікацый, можна з упэўненасцю сказаць, што яна цудоўны куратар. Асабліва для студэнтаў першага курса, якія нядаўна пакінулі бацькоў і яшчэ не зусім адаптаваліся ў сталіцы.
Надзея Андрэеўна гэта вельмі добра разумее і таму заўсёды ўсталёўвае зваротную сувязь з роднымі студэнтаў, інфармуючы іх пра поспехі нашчадкаў. Ад сваіх падапечных яна патрабуе стопрацэнтнага наведвання заняткаў. Калі нехта павольна засвойвае новы матэрыял, то яна не супраць разам з іншымі, больш кемлівымі студэнтамі, дапамагчы яму. Надзея Ельсукова як куратар не толькі арганізоўвае мерапрыемствы, звязаныя з асноўным заняткам любога студэнта – вучобай, але і не пакідае без увагі іх вольны час. Часта выязджае з імі на прыроду, праводзiць культурна-масавыя мерапрыемствы па-за межамі БДУ, удзельнічае ў факультэцкіх «капусніках», а таксама ў спартыўных мерапрыемствах факультэта «За здаровы лад жыцця». Дапамагае ладзіць такое цікавае мерапрыемства, як «Тэатральны куфар». Яна персанальна курыруе замежных студэнтаў.
Займацца куратарскай працай Надзея Андрэеўна пачала адразу пасля таго, як у 2007 г. стала выкладаць практычную фанетыку і практыку вуснага маўлення для будучых лінгвістаў-перакладчыкаў на факультэце. Да гэтага часу яна паспела закончыць аддзяленне сучасных замежных моў факультэта міжнародных адносін БДУ і ўжо мела вопыт перакладчыцкай дзейнасці. Паглыбляючыся ў патрэбы і жыццё сваіх студэнтаў, яна пачала заўважаць, што ім таксама вельмі важна, каб набытыя веды былі пацверджаны практыкай. Таму Надзея Ельсукова стварыла на кафедры тэорыі і практыкі перакладу валанцёрскі рух спартыўнага і культурна-масавага кірунку.
Усё пачалося з таго, што Надзея Андрэеўна разам са сваімі таленавітымі студэнтамі-перакладчыкамі патрапіла ў 2009 г. на чэмпіянат свету па грэблі, які праходзіў у Брэсце. Са сваёй місіяй спартыўных перакладчыкаў хлопцы і дзяўчаты справіліся цудоўна. На наступнае спартыўнае мерапрыемства такога сусветнага ўзроўню студэнты кафедры тэорыі і практыкі перакладу паехалі ўжо большым складам. Калі спачатку гэта было ўсяго 10, 20 студэнтаў, то на гэты раз – 60… А апошнім часам колькасць валанцёраў з гуманітарнага факультэта дасягнула 90–100 чалавек.
Хтосьці заахвочваўся працаваць на акрэдытацыях, іншыя дапамагалі ў прэс-цэнтры, а былі і такія, якія згаджаліся сустракаць замежных гасцей у аэрапорце. Не так даўно на спартыўныя мерапрыемствы Надзея Андрэеўна пачала браць нават будучых дызайнераў. Студэнты-дызайнеры не толькі працуюць валанцёрамі, але і паралельна рыхтуюць курсавыя працы рэкламнага напрамку. Такім чынам, атрымліваюць падвоеную карысць, бо тэорыя правяраецца практыкай.
«Наогул, ужо з першых нашых валанцёрскіх праектаў, я зразумела, што лепш выхоўваць студэнтаў, якія мне давераны, у справе, – расказвае Надзея Ельсукова. – Хоць часам прыходзіцца тлумачыць ім, што валанцёрства – гэта камандная праца, і думаць толькі пра сябе і свой дабрабыт непрымальна: калі прайграе ўся каманда, то прайграе і кожны асобна. На жаль, многія маладыя людзі пра гэта чуюць упершыню».
Надзея Андрэеўна магла неаднойчы назіраць, як адзін і той жа студэнт, які нічым не вылучаўся ў аўдыторыі падчас заняткаў, станавіўся зусім іншым у працоўным асяроддзі. У гэтым выпадку ў яго спрацоўвала жаданне вылучыцца, абысці аднакурснікаў, бо ён іх ужо ўспрымў не як сяброў, а, хутчэй, як канкурэнтаў. Вось і прыходзілася ёй неаднаразова тлумачыць, што такое камандны дух, плячо сябра, які не пакіне ў бядзе, і што лідарскія якасці, якія штурхаюць на асабістыя перамогі, у гэтым выпадку павінны быць не на першым месцы. Яе размовы далі свой плён.
На сёння Надзея Ельсукова як кіраўнік валанцёрскага руху мае падзячныя лісты Беларускай федэрацыі біятлона, Беларускай федэрацыі бокса, Нацыянальнага алімпійскага камітэта РБ, Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, Федэрацыі хакея Беларусі і іншых.
Яна ўзнагароджана ажно 7 граматамі БДУ за выхаваўчую працу са студэнтамі. Не абышло ўвагай Надзею Андрэеўну і Міністэрства адукацыі нашай краіны. Надзея Ельсукова атрымала грамату з рук самога міністра адукацыі адразу пасля чэмпіянату свету па хакеі, які праходзіў у мінулым годзе ў Мінску.
Валанцёрскі рух Надзеі Ельсуковай многія расцэньваюць як інавацыйны метад арганізацыі куратарскай дзейнасці. Можа, таму яе праца заўважная на факультэце. Да яе слоў і поглядаў прыслухоўваюцца. Сёння Надзея Ельсукова – член савета куратараў факультэта сацыякультурных камунікацый. На кафедры тэорыі і практыкі перакладу таксама з павагай ставяцца да яе перакладчыцка-валанцёрскай дзейнасці разам са студэнтамі на спартыўных спаборніцтвах сусветнага маштабу. Таму Надзея Ельсукова выконвае на кафедры да ўсяго іншага яшчэ і абавязкі намесніка загадчыка па выхаваўчай працы.
Ганна ЛАГУН
P.S. Пра ініцыятыўных куратараў студэнцкіх груп рэдакцыя плануе пісаць і далей. Дасылайце свае прапановы!
e-mail: gazeta.bsu.by