Нельга недаацэньваць важнасць вышэйшай адукацыі. Бо менавіта яна з’яўляецца своеасаблівым трамплінам, першай прыступкай да свядомага дарослага жыцця. Адукацыя прыводзіць нас да поспеху, дапамагае лепш зразумець свет, дае старт у перспектыўную будучыню. Для нашых герояў – Наталлі Морза, Марыі Хачкоўскай і Дзяніса Далецкага – такі старт быў асабліва ўдалым. Яны паступілі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт з найвышэйшымі вынікамі. Наталля падавала дакументы ў Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій з 383 баламі з 400 магчымых. Дзяніс на цэнтралізаваным тэсціраванні па фізіцы набраў 100 балаў. А Марыю на геаграфічны факультэт прынялі наогул без іспытаў. Але пра ўсё па парадку.
Свой поспех першакурсніца ІБМТ Наталля Морза сціпла называе няйначай як цудам. І дае яму імёны выкладчыкаў Ліцэя БДУ – Наталлі Янісаўны Краўцэвіч, Анастасіі Уладзіміраўны Зяньковіч і Таццяны Аляксандраўны Уткінай. Менавіта гэтыя прафесіяналы сваёй справы, як кажа Наталля, дапамаглі ёй дасягнуць такога высокага выніку. «Тут хочаш не хочаш, а здасі», – усміхаецца дзяўчына.
Матэматыка – 87 балаў, англійская мова – 98 балаў, беларуская мова – 100 балаў! Для такога выніку даводзілася цяжка працаваць. Складаней за ўсё Наталлі давалася матэматыка. А вось з мовамі праблем не было – англійскую і беларускую заўсёды любіла, таму і часу на падрыхтоўку выдаткавала менш. І зноў жа дзякуючы ўлюбёным выкладчыкам, якія давалі шмат інфармацыі, што выходзіла за рамкі школьнай праграмы.
На пытанне «Чаму БДУ?» Наталля, не задумваючыся, адказвае, што іншых варыянтаў нават не разглядала. За час вучобы ва ўніверсітэце яна змагла напоўніцу адчуць «усю сілу і моц гэтай установы». «Гэта іншы свет, дзе я змагла знайсці сапраўдных сяброў», – дзеліцца дзяўчына.
У Марыі Хачкоўскай загадзя пазнаёміцца з БДУ магчымасці не было.
Усё жыццё яна пражыла ў прыгарадзе Мінска, вучылася ў звычайнай сельскай школе. Заўсёды была выдатніцай, вучоба падабалася, таму вучыцца было цікава. Пачынаючы з 7 класа, Маша рэгулярна ўдзельнічала ў розных прадметных конкурсах: «Журавлик» па рускай мове, «Буслік» па беларускай, «Кенгуру», «Глобусёнок», «Инфомышка», «Зубрёнок», «Лингвистёнок» і іншыя. Узнагарод было шмат, і гэта прымусіла дзяўчыну скласці досыць тоўстую папку «Мае дасягненні».
З выбарам, куды паступаць, Маша вызначылася не адразу. Дапамог выпадак.
У 10 класе яе нечакана адправілі на раённую алімпіяду па геаграфіі, дзе яна «ўзяла» дыплом II ступені і прайшла на абласны тур, які праходзіў у Нясвіжы. Гэта падзея пакінула ў памяці дзяўчыны яркія ўспаміны: апроч выпрабаванняў, там была вельмі насычаная праграма, яна завяла мноства знаёмстваў. З таго часу жыццё Машы ўсё больш звязвалася з геаграфіяй. Выбар для паступлення быў зроблены. Пачалася сур’ёзная падрыхтоўка да ЦТ. У 11 класе было досыць цяжка: увесь тыдзень быў распісаны па некалькіх курсах, рэпетытарах, факультатывах, дадавалася падрыхтоўка і ўдзел у рэпетыцыйных тэсціраваннях. Калі сілы, здавалася, ужо заканчваліся, дзяўчына даведалася, што сёлета для медалістаў з’явілася магчымасць паступіць без ЦТ на некалькі факультэтаў БДУ, у тым ліку і на геафак. Так яе жаданне нечакана супала з прыемнай магчымасцю. І мара стаць студэнткай БДУ стала рэальнасцю.
Зараз дзяўчына ўзгадвае: «Геаграфія суправаджала мяне з самага дзяцінства: мая бабуля ўсё жыццё прапрацавала настаўніцай геаграфіі і гісторыі, мама скончыла геафак БДУ, і я, так бы мовіць, вырашыла працягнуць дынастыю. Я вельмі ўдзячная Белдзяржуніверсітэту за такія магчымасці. Не выключана, што пасля вучобы я застануся ў гэтай навучальнай установе, толькі ўжо ў якасці выкладчыка».
Дзяніс Далецкі – родам з Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці.
З самага дзяцінства вучоба давалася яму лёгка, і таму хлопец без асаблівых высілкаў атрымліваў свае 7–9 балаў. З неабходнымі для паступлення прадметамі – фізікай і матэматыкай – ён вызначыўся толькі ў канцы 10 класа. Падрыхтоўкай да ЦТ заняўся яшчэ ўлетку. Рэпетытараў не было. Першыя месяцы было цяжка. З прычыны вялікай нагрузкі пачаліся праблемы са здароўем, пра спорт прыйшлося забыцца, бо часу ледзь хапала на сон.
Рыхтавацца цяжка, але яшчэ цяжэй было абраць месца будучай вучобы. Увесь год хлопец выдаткоўваў час на пошук інфармацыі пра спецыяльнасці, будучыя месцы працы і магчымасці росту. Мара вяла да БДУ, але палохалі высокія прахадныя балы.
«Вырашыўшы, што трэба ісці да мары, я выпрацаваў сваю сістэму навучання і пачаў больш адпачываць. Вось так і вучыўся да канца года, – распавядае Дзяніс. – У маі практычна не рыхтаваўся, што, дарэчы, пайшло мне на карысць, бо адпачынак дапамог мне прывесці галаву ў парадак і зірнуць на праблему з іншага боку».
Як вынік – 100 балаў па фізіцы і досыць высокі вынік па рускай мове і матэматыцы. Хлопец стаў студэнтам-бюджэтнікам факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ. Аднак, правучыўшыся паўгода, Дзяніс усвядоміў, што фізіка не тое, чым ён жадае займацца ўсё жыццё. Вывучаючы праграмаванне і матэматыку, студэнт зразумеў, што яму больш падабаецца працаваць з лічбамі, будаваць алгарытмы і аптымізаваць. Таму вырашыў перапаступіць на іншы факультэт, але таксама БДУ – факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.
«У БДУ мяне прыцягвае высокі ўзровень адукацыі, паглыбленае вывучэнне дысцыплін па спецыяльнасці, шырокі профіль, перадавыя распрацоўкі і цікавыя курсавыя працы», – кажа Дзяніс.
Зараз хлопец дае парады абітурыентам: «Галоўнае – памятаць, што ніколі не позна пачаць рыхтавацца да паступлення. Як бачыце, мне хапіла года. Верце ў свае сілы. У мяне не было рэпетытараў, толькі інтэрнэт. Выпрацуйце зручную для сябе сістэму навучання і адпачывайце, каб павялічыць прадуктыўнасць вашай працы».
Гісторыі нашых герояў – яшчэ адно пацвярджэнне такіх вядомых праўдаў, як «што жывём, то вучымся» і «шчасце само ў рукі не йдзе, вы каваль свайго шчасця». Ставіць перад сабой мэты і ісці да іх упэўненым крокам – ці так гэта цяжка? Адказ ляжыць на паверхні, трэба толькі верыць у свае сілы.
Ірына РУДЗЬКО