Дацягнуцца да зорак… Пра фінал шоу-конкурса

13 Apr, 2015.

бгу звёздная пара оригинальный костюм

Кожны летуценнік у дзяцінстве хацеў дацягнуцца да зорак, якія дораць нам сваё таямнічае святло. Сутыкнуцца з чароўнай атмасферай можна было і на шоу-конкурсе «Зорная пара». Да фіналу пары здолелі адчуць сябе сапраўднымі зоркамі: знялі ўласныя відэавізітоўкі (на тэму «7 прычын, чаму мы разам»), папа­зі­равалі на фотасесіі на тэму «Стылі музыкі» і нават прынялі ўдзел у прэс-канферэнцыі. Не абышлося і без дабрачыннасці: кож­ная пара дапамагла арганіза­ваць у сваім інтэрнаце кірмаш у рамках акцыі «Годнае дзяцінства», сродкі ад якога будуць накіраваны ў Капыль­скую дапаможную школу-інтэрнат.
Фінальны канцэрт адкрыў відэадзённік і агульны танец «зорных пар». За імі пачалося дэфіле. У першыя ж хвіліны вечара гледачы былі здзіўлены пышнымі ўборамі пар, якія зіхацелі і пераліваліся ў святле сафітаў. Удзельнікі былі гатовыя здзіўляць, а гледачы – пад­трымліваць «свае» дуэты. Пасля гучных авацый пары адправіліся рыхтавацца да творчага конкурсу, а зала замерла ў чаканні.
Першымі выйшлі на сцэну «зоркі» дзясятага інтэрната – Сяленя Аляксей і Златагурская Любоў. Яны выступілі з танцам у стылі джаз-мадэрн, у якім распавялі эмацыйную гісторыю закаханай пары ў зваротнай храналогіі.
Усе дуэты паказалі цікавыя і кранальныя нумары, многія выра­шылі выказаць свае эмоцыі і ад­но­сіны ў танцы. На сцэне з’яўляліся нявеста і жаніх, муж і жонка, салдат і яго верная дзяўчына, і нават на­сельнікі пакоя страху. Пара з 4-га інтэрната паказала светлавое шоу, якое «запаліла» ўсмешкі на тварах гледачоў. Мабыць, самым незвычайным шмат каму здаўся нумар пары з сёмага інтэрната: студэнты зрабілі гумарыстычную пастаноўку па матывах п’есы А. П. Чэхава, якая развесяліла ўсю залу дзякуючы хвацкаму акцёрскаму майстэрству і непасрэднасці канкурсантаў.
У конкурсе «Арыгінальны строй» ацэньвалася не толькі ўнікаль­насць вобраза, але і тэхналогія ства­рэння строяў, якія былі зроблены з падручных матэрыялаў. Задумкі былі насамрэч цікавымі. Гледачы ўба­чылі д’ябла і анёла, Спанч Боба разам з медузай, а таксама кас­манаўтаў, індзейцаў і інш.
І вось час апошняга конкурсу: дэфіле ў вобразах зорных пар. Самыя запамінальныя персанажы фільмаў, мультфільмаў, а таксама гістарычныя постаці з’явіліся на сцэне: Цэзар і Клеапатра, Барбі і Кен, сямейка Адамс, д’Артаньян і Канстанцыя.
І вось пачалася самая інтрыга­вальная частка – узнагароджанне:
— трэцяе месца заняла пара з сёмага інтэрната – Шчыпіла Міка­лай і Паўлоўская Яна атрымалі сертыфікаты на выраб партрэтаў у арт-студыі Fox and Rabit;
— другое месца ў Мешчаракова Уладзіміра і Шыбекі Вольгі з «чац­вёркі», якія выйгралі вячэру ў рэстаране «Шынок у Лявона»;
— пераможцамі конкурсу абвешчаны Сяленя Аляксей і Златагурская Любоў з інтэрната № 10, якім падараваны акустычная сістэма, кухонны камбайн і сертыфікаты ў студыю прыгажосці LStudio.

бгу звездная пара 3-ка победителей
Акрамя таго, пары з інтэрната № 11, якая перамагла ў намінацыі «Зорная пара анлайн» – Майстрыкову Максіму і Федасенцы Паліне (прагаласавалі больш за 6 тыс. чалавек) – у якасці адмысловага прыза ўручаны настольныя гуль­ні ад інтэрнэт-крамы Nastolki.by.
Усе дзяўча­ты атрымалі касметычныя наборы і цудоўныя букеты ад «Кветкавай крамы»!
«Зорная пара» – творчае і па­пулярнае мерапрыемства сярод студэнтаў, якое з часам становіцца ўсё лепшым. Дзякуючы гэтаму конкурсу кожныя два гады сярод нас запальваюцца новыя зоркі.
Алеся ШАЛАЙ

бгу звёздная пара

print

Вам таксама можа спадабацца: