Ўжо ў трэці раз у рамках Дня кар’еры свае стэнды прадставілі кампаніі-працадаўцы. Удзельнікаў прынялі на пляцоўцы Ліцэя БДУ. Сёлета за выпускнікоў БДУ змагаліся 18 арганізацый. Студэнтам старэйшых курсаў прапанавалі стажыроўкі, праходжанне практыкі і афіцыйнае працаўладкаванне.
Рэктар БДУ Сяргей Абламейка ўручыў дыпломы партнёра такім кампаніям, як “Брыціш Амерыкан Табака Трэйдзінг Компані”, “К’юлікс Сістэмс”, “Эрнст энд Янг”, “СКЭНД”, “Джапан Табака Інтэрнэшнл Эсэндзі” і “Данонбел”, якія ўжо плённа супрацоўнічаюць з нашай alma mater.
Дзень кар’еры пашырае свае маштабы. Таксама ў кірмашы вакансій прынялі ўдзел “Кока-Кола Бэўрыджыз Беларусь”, “Планета тэсціравання”, “Агенцтва Уладзіміра Граўцова”, “Альтэрнатыўная лічбавая сетка”, “Керамін-Сталіца Інвест”, “Профігруп”, “Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў” і “Наваком Груп”. Акрамя таго былі запрошаны грамадскія і адукацыйныя арганізацыі, такія як Цэнтр адукацыйнага і дзелавога турызму “Эду Трэвэл Эджэнсі”, Ліга добраахвотнай працы моладзі, інфармацыйна-практычная ўстанова “Студэнцкая фабрыка думкі, міжнародная моладзевая незалежная арганізацыя “AIESEС”.
Студэнты маглі паўдзельнічаць у розыгрышы прадукцыі кампаніі “Кока-Кола Бэўрыджыз Беларусь”, а таксама пазмагаецца за прызы ад “Студэнцкай фабрыкі думкі” ў конкурсе на веданне дзелавога этыкету ці праверыць сваю трапнасць гульнёй у дартс і зарабіць зніжку на IT-навучанне.
Аднак галоўная мэта Дня кар’еры – паспяховае працаўладкаванне выпускнікоў БДУ. Таму ў гэты раз былі максімальна ўлічаны пажаданні студэнтаў у падборы кампаній-удзельніц веснавога Дня кар’еры. А для тых, хто так і не змог знайсці сабе прыдатную вакансію, але мае час у запасе, у новым семестры адбудзецца яшчэ больш маштабнае мерапрыемства – “Дзень кар’еры. Восень–2015”.
Ксенія КАРАВАЯ