Спазнаў ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны яшчэ хлапчуком Мікалай Рыгоравіч Юркевіч, доктар юрыдычных навук, прафесар кафедры грамадзянскага працэсу і права юрыдычнага факультэта БДУ.
Як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга (1948) і Вялікай Айчыннай вайны II cтупені (1985), медалямі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» I і II ступені, «За перамогу над Германіяй», юбілейнымі медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1978). Сёння Мікалай Юркевіч з’яўляецца заслужаным юрыстам Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся Мікалай Рыгоравіч у 1928 годзе. Вайна напаткала яго, калі ён толькі скончыў шэсць класаў Сяргеевіцкай няпоўнай сярэдняй школы Рудзенскага (цяпер Пухавіцкага) раёна. Хлопчыку споўнілася ўсяго 13 гадоў.
Нямецкая танкавая калона ішла да Сяргеевічаў з боку Шацка. Пасля таго, як яна сутыкнулася з салдатамі Чырвонай Арміі, немцы абстралялі вёску з гармат і кулямётаў. Калі Мікалай вылез з бліндажа, у якім схаваў яго разам з бацькамі сусед, то замест хат убачыў абвугленыя печы. Родная хата ў той раз на дзіва ўцалела.
Восень 1941 года, калі праз Сяргеевічы зноў прайшлі па дарозе Шацк – Рудзенск варожыя аўтамашыны, таксама ледзь не стала апошняй для вёскі. Немцаў каля суседняй Прыстані зноў абстралялі. За гэта жыхароў Сяргеевічаў сагналі да будынка былога сельсавета і паставілі пад кулямёты. Выратаваў іх стараста. Ён змог упэўніць фашыстаў, што аднавяскоўцы не вінаватыя. А праз тыдзень хлапчук даведаўся, што вёска Прыстань была спалена разам з жыхарамі.
Людзі пасля гэтага выпадку добраахвотна пачалі ісці ў партызаны. Пайшоў у мсціўцы і яго бацька Рыгор. Удзел самога Мікалая ў партызанскай барацьбе пачаўся са збору ў навакольных лясах кінутай зброі і перадачы яе праз сувязных бацьку і іншым партызанам. Пазней, са снежня 1942 года, ён стаў служыць радавым у партызанскім атрадзе імя Суворава 2-й Мінскай чырвонапартызанскай брыгады. Разам з іншымі хадзіў у разведку, удзельнічаў у дыверсійных аперацыях, вёў «рэйкавую вайну». У гэтым жа партызанскім атрадзе былі маці Еўдакія Кузьмінічна і малодшая сястра Ганна.
Напярэдадні наступальнай аперацыі «Баграціён» брыгада імя Панамарэнкі, у якой на той момант ваявалі Мікола з бацькам (Рыгор Юркевіч быў прызначаны камісарам гэтай брыгады), была перадыслацыравана ў Заходнюю Беларусь (Беластоцкае злучэнне). Партызаны руйнавалі лініі сувязі, утрымлівалі да прыходу Чырвонай Арміі пераправы на рэках, шукалі варожыя абарончыя збудаванні. Мікалай Рыгоравіч быў сведкам, як партызаны зрабілі засаду і знішчылі 15 нямецкіх салдат, якія накіроўваліся на будаўніцтва дзота.
Пасля вайны Мікалай Юркевіч зноў вярнуўся ў родную вёску. Хату ў Сяргеевічах вайна ўсё ж не пашкадавала. Зноў пайшоў у школу, але ўжо ў рудзенскую. Чатыры класы, з 7 па 10, прайшоў за два гады. Скончыўшы школу з залатым медалём, ён мог паступіць у любую вышэйшую навучальную ўстанову Савецкага Саюза.
Спачатку разам з сябрамі адвёз дакументы ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Сябрам пашанцавала менш, і Юркевіч за кампанію з імі вярнуўся ў Мінск. Думаў нават пра журналістыку. Аднак, дзякуючы свайму баявому камандзіру, спыніўся на Мінскім юрыдычным інстытуце. І сёння пра гэта не шкадуе.
Мінскі юрыдычны інстытут Мікалай Юркевіч скончыў у 1950 г. Кандыдацкую дысертацыю на тэму «Праваздольнасць грамадзяніна СССР па савецкім грамадзянскім праве» абараніў у 1955 г. З 1974 па 1978 гг. і з 1981 па 1994 гг. быў загадчыкам кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права.
Першы невялікі перапынак у працы на юрыдычным факультэце звязаны з падрыхтоўкай доктарскай дысертацыі падчас працы старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле прававых навук АН БССР (1960–1963 гг.). А другі – з тым, што ў 1978 г. ён узначаліў сектар праблем сям’і праблемнай навукова-даследчай лабараторыі сацыялагічных даследаванняў БДУ, а потым – і саму лабараторыю.
Паспяхова сумяшчае навукова-педагагічную дзейнасць з юрыдычнай практычнай і выдавецкай дзейнасцю. Займаўся праблемамі сацыялогіі, сямейнага, працоўнага права, грамадзянскага працэсуальнага і трацейскага судаводства.
Фактычна кіраваў працэсамі арганізацыі Міжнароднага арбітражнага суда пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце і ўзначальваў яго з моманту стварэння (з красавіка 1994 да 2005 г.). Знаходзіцца ў рэкамендацыйным спісе арбітраў Міжнароднага арбітражнага суда і з’яўляецца членам яго прэзідыума. Застаецца галоўным рэдактарам створанага ім часопіса «Прамыслова-гандлёвае права» (выдаецца з 1996 г.).
Мікалай Рыгоравіч уваходзіў у склад групы па распрацоўцы праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г., ім распрацавана канцэпцыя новага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны таксама першапачатковы тэкст праекта новага ГПК Рэспублікі Беларусь і праекта Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 г. «Аб міжнародным арбітражным (трацейскім) судзе». Член Савета па абароне дысертацый БДУ, а раней і член спецыялізаванага савета НАН Беларусі.
Мікалай Рыгоравіч мае ўзнагароды і за сваю прафесійную дзейнасць: нагрудны знак Міністэрства юстыцыі «За адзнаку» II ступені (2009), у 2008 годзе ў намінацыі «Юрыдычныя навукі» ўзнагароджаны вышэйшай юрыдычнай прэміяй «Феміда», а ў 2009 годзе – памятным знакам «Ex lege» у сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З’яўляецца ганаровым работнікам юстыцыі (2004), ганаровым работнікам гаспадарчага суда (2005).
Ён аўтар звыш 200 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, і суаўтар 10 калектыўных кніг, выдадзеных пад яго рэдакцыяй ці пад агульнай рэдакцыяй і з яго удзелам, па праблемах сацыялогіі сям’і, сямейнага права, грамадзянскага працэсуальнага права і працоўнага права. Мікалай Юркевіч надае шмат увагі падрыхтоўцы выданняў, якія прызначаны для паўсядзённага выкарыстання юрыстамі-практыкамі рэспублікі. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана і абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый у галіне права і сацыялогіі не толькі ў Беларусі, але і спецыялістамі з Польшчы і В’етнама.
Ганна ЛАГУН