Нездарма гавораць, што медалі за працу і за бой адлітыя з аднаго і таго ж металу. Палкоўнік у адстаўцы Пётр Іванавіч Пермякоў, які акрамя ўсяго з’яўляўся і супрацоўнікам службы бяспекі БДУ, неаднаразова ўзнагароджваўся ордэнамі і медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную вайсковую службу ў тыле ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На свята 9 мая ў БДУ і сёлета ён абяцаў апрануць усе свае ўзнагароды.
Цікава, што Пётр Пермякоў нарадзіўся ў 1927 годзе ў вёсцы Пермякова Пермскай вобласці, дзе яго і застала вайна. На той час яму споўнілася 14 гадоў. Яшчэ не атрымаўшы на рукі пасведчанне аб заканчэнні сямі класаў, ён уладкаваўся на працу ў саўгас у раённым горадзе Бярэзнікі, што на рацэ Кама. Усё лета разам з брыгадай хадзіў працаваць на бульбяныя палеткі. А на зіму яго накіравалі дапамагаць слесару, які рамантаваў вагі, жалезны посуд у сталовай. Сталовая ў галодныя ваенныя гады лічылася найбольш спрыяльным месцам. Аднак доўга папрацаваць Пятру Іванавічу ў ёй не давялося. Са слесарам здарылася бяда, і хлопца перавялі ў сталярню. Пётр Іванавіч памятае, як яму не хацелася туды ісці, нават слёзы на вочы наварочваліся.
Там яго прызначылі ў памагатыя маладому хлопцу. Аднак той неўзабаве патрапіў у адну з турмаў, якіх нямала было на той час у Бярэзніках. Прыйшлося Пятру Іванавічу самастойна асвойваць сталярную справу. Дапамагалі двое старых, якія працавалі побач. Толькі за адну зіму хлопец змайстраваў каля 100 табурэтак.
Пазней Пермякову пашанцавала апынуцца на «магніевым заводзе», які знаходзіўся недалёка ад роднай вёскі. Пасля трохмесячных курсаў рахункаводаў ён змог уладкавацца туды ў бухгалтэрыю, дзе і працаваў да адыходу ў армію. Як толькі Пётр Іванавіч адсвяткаваў сваё 17-годдзе, ён сам пайшоў у ваенкамат. «У нашай мясцовасці на той час амаль усе школы былі пераўтвораны ў шпіталі, куды пад вясну звозілі параненых з усяго Савецкага Саюза, – расказвае Пётр Пермякоў. – Я на іх глядзеў і думаў, што калі яны не могуць ваяваць, то тады я, здаровы і малады, павінен узяцца за зброю». У ваенкамаце мяне накіравалі прайсці медыцынскую камісію для лётчыкаў. І я яе вытрымаў ажно двойчы. Першы Дзень Перамогі 9 мая сустракаў ужо курсантам Чалябінскага ваенна-авіяцыйнага вучылішча штурманаў і стралкоў-радыстаў».
Пасля заканчэння вучылішча ў 1945 годзе Пётр Пермякоў пачаў служыць у Беларусі ў маленькім горадзе Стары Быхаў. Памятае, як тады афіцэры і салдаты жылі ў адной казарме, бо ў Старым Быхаве практычна немагчыма было знайсці ўцалелага будынка. Ён быў зруйнаваны фашыстамі. Праслужыў Пётр Іванавіч там усяго два месяцы, бо медыцынская камісія спісала яго з лётнай службы. Пятру Іванавічу і зараз прыкра ўспамінаць, як урач магілёўскай паліклінікі знайшла нейкія парушэнні ў яго зроку і гэтым самым так нечакана паўплывала на яго лёс.
Пятра Пермякова перавялі ў роту сувязі. Дапамагло тое, што ў Чалябінскім вучылішчы ён спасціг навуку радыстаў. Таму ўжо ў Оршы ён пачаў рыхтаваць радыстаў лётнага і наземнага складу войскаў, а таксама забяспечваць палёты самалётаў радыёсувяззю. На аэрадроме Балбасава пад Оршай Пётр Іванавіч служыў начальнікам вучэбнага палігона. Аэрадром быў засакрэчаны, бо менавіта тут стаялі новенькія ТУ-16, тэхнічныя характарыстыкі якіх не выдаваліся.
Пасля Балбасава Пётр Пермякоў каля 10 гадоў праслужыў у войсках авіяцыі ў Чыце. У Чыту Пермякоў прыехаў зампалітам асобнага дывізіёна сувязі. Пазней стаў намеснікам начальніка аддзела сувязі паветранай арміі Чыцінскай ваеннай акругі. Штодзённая газета Забайкальскай ваеннай акругі «На баявым пасту» пісала ў 1975 годзе: «Перад трыбунай праходзяць авіятары нашай акругі. Узначальвае калону ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны падпалкоўнік П. Пермякоў. Заслужанымі падарункамі сустрэлі 58-ю гадавіну Вялікага Кастрычніка многія ўдзельнікі сённяшняга парада». Пётр Іванавіч і цяпер беражэ гэтую газету.
Куды б ні пераводзілі служыць Пятра Пермякова, яго падначаленыя праводзілі яго са слязамі на вачах. Бо Пётр Іванавіч ніколі не даваў іх у крыўду і з павагай ставіўся да кожнага.
У беларускі горад Ліду ён перавёўся ў сувязі з сямейнымі абставінамі.Выйшаўшы ў адстаўку, Пётр Іванавіч скарыстаўся тым, што падчас службы ў Оршы ён скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, якая была непадалёку. Дзякуючы гэтаму ён змог заняць пасаду дырэктара курсаў па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў сельскай гаспадаркі Мінскай вобласці, а пазней стаць загадчыкам кабінета палітэканоміі адной з кафедраў Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта ў Мінску.
З 1994 па 2001 гг. ён з’яўляўся вартаўніком хімічных складоў і гаража службы бяспекі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пётр Іванавіч вельмі ўдзячны, што пра яго тут памятаюць, запрашаюць у госці, віншуюць падарункамі на розныя святы.
У свае 88 гадоў ён цікавы суразмоўца і можа расказаць нямала пра сваё ваеннае мінулае. Што ён і зрабіў сёння для нашай газеты.
Ганна ЛАГУН