Прафесарскі сход БДУ, у складзе якога каля 300 прафесараў і дактароў навук, сапраўды вельмі важная частка ўніверсітэцкай супольнасці, якая валодае ўнікальнымі кампетэнцыямі, высокім прафесійным патэнцыялам і безумоўным маральным аўтарытэтам. Мы сустрэліся з яго новым старшынёй доктарам філасофскіх навук прафесарам Анатолем ЗЕЛЯНКОВЫМ, каб пагутарыць пра забеспячэнне якаснай вышэйшай адукацыі ў нашай краіне.
– Анатоль Ізотавіч, на Прафесарскім сходзе абраны новы прэзідыум. Які ён возьме курс?
– Найбольш важнымі кірункамі дзейнасці ПС з’яўляліся: аптымізацыя кіраўніцкіх структур у БДУ; інфарматызацыя навучальнага працэсу; актыўнае ўзаемадзеянне з навуковымі інстытутамі і цэнтрамі НАН Беларусі; а таксама сацыяльная абарона прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ. Згаданыя кірункі застаюцца прыярытэтнымі і цяпер. Калі мы хочам паляпшаць якасць адукацыі, варта таксама падумаць i над праблемай не толькi маральнай, але i матэрыяльнай зацiкаўленасцi выкладчыкаў універсітэта ў вынiках сваёй прафесiйнай дзейнасцi. Нашы папярэднікі выступілі з ініцыятывай заканадаўча аформіць павышэнне пенсій для выкладчыкаў, прафесараў і дактароў навук. Былі напісаны адпаведныя звароты. Мы лічым сваім абавязкам дабівацца станоўчага рашэння гэтай важнай ініцыятывы. Акрамя таго, больш за год функцыянуе метадалагічны семінар па актуальных пытаннях адукацыйных тэхналогій і навуковых даследаванняў. Мяркуем працягваць традыцыю выступленняў прафесараў па пытаннях развіцця адукацыі і нават запрасіць да абмеркавання дзеячаў культуры. У сувязі з уваходжаннем Беларусі ў Балонскі працэс нашу сістэму адукацыі чакаюць пэўныя перамены. І хоць шмат у чым мы ўдасканальвалі арганізацыю навучання ў адпаведнасці з нормамі Балонскай дэкларацыі, усё ж сёння нам прыйдзецца некаторыя пытанні вырашаць па-іншаму.
– Якія канкрэтныя пытанні зараз абмяркоўваеце?
– Сярод праблем, якія характэрныя для нашай краіны ў цэлым, я б назваў беспрэцэдэнтную камерцыялізацыю вышэйшай адукацыі, паніжэнне ўзроўню падрыхтоўкі “студэнтаў-платнікаў”, бюракратызацыю і неапраўданую цэнтралізацыю адукацыйнай сферы, стварэнне грувасткай і пры гэтым неэфектыўнай сістэмы фармальнай справаздачнасці, заўважнае зніжэнне сацыяльнага статусу і папулярнасці навуковага супрацоўніка, выкладчыка вышэйшай школы, да якой дадаецца відавочна неадпаведная аплата працы. Усе гэтыя праблемы ў той або іншай ступені праяўляюцца i ў нашым ўніверсітэце. Менавіта таму яны і стануць вызначальнымі ў дзейнасці новага складу прэзідыума ПС на найбліжэйшую перспектыву.
– Эксперты лічаць, што масавізацыя вышэйшай адукацыі не вельмі пасуе якасці навучання. Што думаеце на гэты конт?
– Тое, што сёння Беларусь уваходзіць у пяцёрку лідараў еўрапейскіх краін па колькасці студэнтаў ВНУ на 100 тыс. адзінак насельніцтва – з аднаго боку, фактар прыемны. Аднак, з другога боку, масавасць стварае на адукацыю пэўную нагрузку. Праблемы селекцыі і адбору вырашаюцца ўжо не так, як гэта было 20–30 гадоў таму. І мы з практыкі ведаем, што ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў значна знізіўся, і зараз ва ўніверсітэце нямала студэнтаў, якія не здольныя здужаць універсітэцкую праграму, асабліва па матэматыцы і фізіцы. Аднак гэта не менш характэрна і для гуманітарных навук. Што тычыцца філасофіі, то недастатковы ўзровень падрыхтоўкі тут вельмі адчувальны. Сёння да нас паступаюць такія студэнты, з якімі гаварыць нават на самым папярэднім узроўні пра філасофскія праблемы цяжкавата. Яны проста не разумеюць многіх паняццяў.
Асабіста я бачу выйсце ў дыферэнцыяцыі адукацыйных праграм. У нас павінны быць праграмы, што арыентаваны на падрыхтоўку такіх спецыялістаў, якія ў поўнай меры будуць адпавядаць жорсткім стандартам сучаснай вышэйшай адукацыі і ў будучыні стануць нашай зменай. Аднак некаторая частка студэнтаў можа займацца па іншых праграмах, якія падымаюць іх агульнакультурны i інтэлектуальны ўзровень, хоць і не маюць акадэмічнай накіраванасці. Дыферэнцыяцыя праграм павінна паспрыяць развіццю найважнейшых стратэгічных ліній у адукацыі ва ўмовах яе масавізацыі.
– Вы зазначылі, што звышцэнтралізаванае кіраванне таксама замінае адукацыйным працэсам…
– Сапраўды, бюракратычная мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі вельмі насцярожвае. Гэта тычыцца і сістэмы менеджменту якасці адукацыі, якая прынята таксама i ў нашым універсітэце. На маю думку, яна вельмі грувасткая, бо не адаптавана да спецыфікі адукацыйнай сферы. За аснову ўзята тая сістэма якасці, якая выкарыстоўваецца ў прамысловасці і ў іншых сферах. Яна ўключае, як правіла, функцыю кантролю над працэсам, а не над вынікам. Адукацыйная ж сфера вельмі спецыфічная. Калі мы спрабуем давесці да максімуму кантроль над працэсам і асобнымі яго функцыямі, то не атрымліваем выніку. Такім чынам, вялікія намаганні страчваюць сэнс.
На жаль, мы працуем ва ўмовах вельмі моцнай цэнтралізацыі кіравання вышэйшай адукацыяй. Яна не заўсёды эфектыўная. Пры такім падыходзе мы можам сутыкнуцца з праблемай, калі не бярэцца пад увагу асабісты погляд.
Сёння яўна пераважаюць фармальныя тэхналогіі ў кіраванні вышэйшай адукацыяй. Выкладчыкі стогнуць ад вялікай колькасці папяровай працы, справаздач і іншага кантролю. І часцяком пры гэтым з поля зроку выпадае змест самой адукацыі. Якасць адукацыі апошнім часам таксама зводзіцца да розных формаў справаздачнасці, да любых яе колькасных параметраў. Мы збіраемся правесці першасны аналіз гэтай вельмi актуальнай праблемы і даць свае рэкамендацыі па яе магчымым вырашэнні.
– Чаму, на Вашу думку, павінны прыслухацца да голасу прафесараў?
– Трэба разумець, што Прафесарскі сход – гэта грамадская арганізацыя, своеасаблівы інстытут адукацыйнага грамадства. Аднак гэта не структура выканаўчай улады. Мы не валодаем тымі паўнамоцтвамі, рэсурсамі і кампетэнцыямі, якімі валодае рэктарат, дэканаты і іншыя структуры кіравання на факультэтах. У нас няма іх магчымасцяў, і мы на іх не прэтэндуем. Наша праграма дзейнасці павінна ўлічваць гэту рэальнасць. Сваёй стратэгічнай перспектывай мы лічым наладжванне плённага дыялогу паміж кiраўнicтвам унiверсiтэта i яго прафесарскiм таварыствам. Сёння мы сутыкаемся з такімі выклікамі, якія рэсурсамі толькі выканаўчай і заканадаўчай улад не вырашыць. Абавязкова патрэбныя ініцыятыва і энтузіязм людзей, іх зацікаўленасць. Іх добрыя памкненні павінны быць аформлены ў своеасаблiвыя інстытуты грамадзянскай супольнасці.
Ва ўніверсітэце існуе нямала грамадскіх арганізацый. Але Прафесарскі сход – гэта ўсё ж вельмi спецыфiчны кампанент унутрыўніверсітэцкай супольнасці. Прафесары – гэта людзі, якія валодаюць высокімі прафесійнымі кампетэнцыямі. І калі яны аб’ядноўваюцца ў такую кансалідаваную супольнасць, то іх меркаванні абавязкова будуць пачуты. Мы лічым даволi рэалістычнай падрыхтоўку сіламі Прафесарскага сходу штогадовага аналітычнага даклада рэктару БДУ, у якім будуць прадстаўлены найбольш актуальныя для ўніверсітэта праблемы і магчымыя шляхі іх вырашэння. Спадзяёмся, што канструктыўная зваротная сувязь стане дадатковым пазітыўным рэсурсам у агульных намаганнях усяго нашага ўніверсітэцкага калектыву і дапаможа захаваць яго вядучы статус сярод устаноў вышэйшай адукацыі не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.
Гутарыла Ганна ЛАГУН