Платон ім сябар, але праўда даражэйшая. Навучэнцы Ліцэя БДУ Вячаслаў Верашчагін і Вячаслаў Войніч плённа паўдзельнічалі ў XXIII Міжнароднай алімпіядзе па філасофіі сярод школьнікаў, якая прайшла ў Эстоніі

12 Jun, 2015.

философы

У спаборніцкую частку алім­піяды ўваходзіў конкурс эсэ. Аб’яд­наўчай тэмай стаў «Фе­номен нязгоды ў культуры і філасофіі ў самых раз­настайных яго варыянтах «Disagreements» (англ. рознагалоссе)», а абавязковай умовай з’яўляўся выбар мовы, якая мусіла быць замежнай для ўдзельніка.
Пра сэнс быцця мы па­гутарылі з кандыдатам філа­софскіх навук дацэнтам кафедры фі­ласофіі культуры Андрэем ДУДЧЫКАМ.
– Андрэй Юр’евіч, што здабывае пераможца алім­піяды па філасофіі?
– Паколькі ў алімпіядзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных краін з Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Аме­рыкі, Азіі, Афрыкі, то стаў­ленне будзе змяняцца ў залежнасці ад нацыянальнай спецыфікі. У цэлым, не толькі медаль ці дыплом, але і проста ўдзел у алім­пі­ядзе лічыцца вельмі статусным і прэстыжным дасягненнем. У шматлікіх заход­нееўрапейскіх краінах філа­софія вывучаецца ў якасці асобнага прадмета ў школах. Дзеці нават іспыт здаюць, што ўлічваецца пры паступленні ва ўніверсітэт. Таму поспехі ў галіне філа­софіі ў шэрагу краін з’яў­ляюцца добрай заяўкай на паступленне ў прэстыжную ВНУ. Прычым не абавязкова на філасофскую спецыяльнасць – філасофскія веды шануюцца як аснова для далейшай адукацыі ў галіне эканомікі, біялогіі, праграмавання і г. д. Да такой высновы можна прыйсці пасля зносін на міжнародных спа­борніцтвах з удзельнікамі алімпіяды і выкладчыкамі. Дарэчы, некаторыя студэнты заканчваюць філасоф­скае аддзяленне, а потым атрымліваюць ступень у ін­шай галіне. Значыць пад­рыхтоўка ў гэтай сферы – добры падмурак для паспяховай адукацыі і кар’еры ў самых розных сферах.
– А якія справы ў нас?
– У Беларусі сітуацыя троху іншая, бо прадмет «фі­ласофія» ў школах не вывучаецца, іспыт не здаецца, і нейкіх фармальных пераваг, напрыклад, палёгкі пры пас­тупленні, паспяховы ўдзел у алімпіядзе па філасофіі не дае. Тым не менш, сам факт таго, што школьнікі ціка­вяцца філа­софіяй, здольныя напісаць эсэ на высокім узроўні на замежнай мове, сведчыць пра пэўны ўзро­вень падрыхтоўкі. Мы раз­лічваем, што паступова папулярызацыя алім­піяды па філасофіі, прызнанне яе вынікаў, у тым ліку і фармальнае, будзе ўзрас­таць. Можна адзначыць і сувязь з поспехамі ў іншых дыс­цы­плінах. Напрыклад, Вячас­лаў Верашчагін, чыя праца атрымала пахвальны водгук на алімпіядзе па філасофіі, з’яў­ляецца пераможцам Рэс­­­публі­канскай алім­піяды па грамада­знаўстве. Таму, у любым выпадку, вывучэнне філасофіі будзе карысным.
– Ці існуе ў БДУ штаб па адборы ўдзельнікаў на міжна­родныя спабор­ніцт­вы па філасофіі?
– Карыстаючыся выпадкам, нагадаю: цяперашняй восенню, недзе ў кас­трыч­ні­ку–лістападзе, плануецца пра­­вядзенне чарговага адборачнага этапу міжна­роднай алімпіяды па філа­софіі. Сачыце за абнаў­леннямі на сайце ФФСН у раздзеле «Філасофія для школьнікаў».
– Наколькі актуальная сёння ў моладзевым ася­роддзі, скажам так, навука інтэрпрэтавання?
– Магчыма, гэта звязана са спецыфікай майго кола зносін, але з устойлівай ці­кавасцю да філасофіі я сутыкаюся досыць часта. Існуе вялікая колькасць мастацкіх твораў, коміксаў, відэа­ро­лікаў, камп’ютарных гульняў, прысвечаных ідэям тых ці іншых філосафаў. Вядома, гэта не зусім акадэмічная навука, якой займаюцца ва ўніверсітэце, але сам факт наяўнасці падобнай пра­дукцыі сведчыць пра сур’ёз­ную цікавасць да філасофіі. Дарэчы, гэта тычыцца не толькі моладзі. Часта такая цікавасць выяўляецца і ў больш сталых людзей, якія ўжо валодаюць пэўным жыццёвым досведам.
Пры гэтым хачу заўва­жыць: цікавасць і вывучэнне філасофіі не абавязкова азначаюць, што ў далейшым прыйдзецца займацца навуковай працай ці выкладаннем. Многія з людзей з фі­ласофскай адукацыяй працуюць у самых розных сферах. У гэтым і заключаецца спецыфіка добрай філасоф­скай адукацыі: яна дапамагае самастойна і ўсвя­дом­лена працаваць з ведамі, адаптоўвацца да сітуацыі, якая хутка змяняецца.
– Філосафамі нараджаюцца ці становяцца пад уплывам пэўных умоў?
– Многія з маіх калегаў не вельмі любяць выкарыстоў­ваць тэрмін «філосаф», магчыма, з прычыны крытычнага стаўлення да сябе і сваіх ведаў. Хутчэй, філосафамі можна назваць сапраўды выбітных мысляроў, чые ідэі істотна паўплывалі на развіццё чалавечай культуры: Арыстоцель, Кант і шматлікія іншыя. Сюды ж можна дадаць лад жыцця, стаўленне да свету і г. д. У гэтым сэнсе мы хутчэй тыя, хто займаецца філасофіяй у меру сваіх сіл. У такой фармулёўцы няма нічога крыўднага, бо цікавасць да філасофіі, на мой погляд, уласцівая практычна кожнаму чалавеку. У кагосьці яна выяўляецца відавочна, у кагосьці пакуль «дрэмле». І розныя акалічнасці могуць спрыяць, або, наадварот, перашкаджаць развіццю гэтай цікавасці.
Вядома, для паспяховых заняткаў гэтай навукай пажаданыя спрыяльныя ўмо­вы: знаёмства з адпаведнай літаратурай, наяўнасць ка­му­­нікатыўнага асяроддзя – людзей, з якімі можна абмеркаваць пэўныя пытанні. Але ўсё ж важнейшы сам досвед філасоф­скага мыслення. З аднаго боку, досвед існуе ў вялікай колькасці інтэлектуальных стэрэа­ты­паў, догмаў, заба­бонаў, а з іншага – ажыццяў­ляецца па пэўных уласных правілах. Магу толькі прапанаваць нашым чытачам рана ці позна паспрабаваць самім вывучаць філасофію. Незалежна ад таго, дзе і як гэта будзе адбывацца – ва ўнівер­сі­тэцкай аўдыторыі, пры чы­танні кнігі, у гутарцы, сам-насам з сабой. Думаю, у любым выпадку будзе цікава і карысна.
Гутарыла Жанна ВАСАНСКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: