Турыстычны злёт студэнтаў БДУ прайшоў з 22 па 25 мая на турбазе “Высокі бераг”. У злёце прынялі ўдзел 150 студэнтаў, якія прадставілі 12 факультэцкіх каманд і зборную студэнцкага гарадка.
Праграма мерапрыемства была насычанай і рознабаковай. Новаўвядзеннямі гэтага года сталі конкурс капітанаў, які пройдзе ў жанры “стэндап” (сольнае гумарыстычнае выступленне перад жывой аўдыторыяй) на тэму “Я ў БДУ”, прадстаўленне найважнейшых падзей па трынаццаці пяцігодках савецкага перыяду, пачынаючы з 1945 г. Дарэчы, выбар гістарычнага перыяду для гэтай прэзентацыі вызначыла папярэдняе лёсаванне, якую правялі лідары каманд. Таксама сярод навін варта адзначыць сімвалічнае мерапрыемства. Удзельнікі турзлёту заклалі капсулу памяці з пасланнем будучым пакаленням. Каманды таксама змагаліся ў спартыўнай падрыхтоўцы ў начным арыентаванні, тэхніцы пешаходнага турызму, спуску на байдарках, а таксама ў стылістычным афармленні намётавага лагера.
Дарэчы, творчы патэнцыял моладзевых дружын быў запатрабаваны і на вечарах бардаўскай песні ля традыцыйнага студэнцкага вогнішча.
Кацялкі, намёты, спальнікі – поўны набор турыста. Усё роўна, на якім ты курсе і з якога ты факультэта, на турзлёце ўсе адзін аднаму радыя, у прынцыпе, як і на любым мерапрыемстве, бо БРСМ БДУ – адна вялікая сям’я. Але нават з улікам гэтага ўсе каманды не забывалі, што ідзе барацьба за прызавое месца.
І ў першыя ж гадзіны, на адкрыцці, у конкурсе капітанаў усіх уразіла сваімі прыпеўкамі наша Лера, настрой пасля яе выступлення захоўваўся на працягу ўсяго вечара. Ледзь мы паспелі раскласці свой лагер, як усіх чакала цяжкае выпрабаванне: начное арыентаванне. Ноч. Лес. Цемра. Надвор’е не песціць. Але нават гэта не спалохала нашых удзельнікаў, і мы, нягледзячы на ўсе цяжкасці, выканалі задачу.
Другі дзень пачаўся цудоўна, надвор’е вырашыла, што мы ўсе класныя, і арганізавала нам падарунак: усю раніцу свяціла сонца, грэючы нас сваім цяплом. З раніцы крыху раней нашы ўдзельнікі адправіліся на дзённае арыентаванне.
А пакуль яны адстойвалі гонар нашай каманды, усе астатнія наводзілі прыгажосць у лагеры.
Наша каманда называлася HOLLYWOOD, і лагер як найпаўней сапраўды змог адлюстраваць тое, чым жа жыў Галівуд 1950–1953 гадоў. Але пра гэта троху пазней, бо тым часам, не шкадуючы сіл, нашы спартсмены праходзілі арыентаванне, з лёгкасцю аббягаючы ўсе пікеты. Дзякуючы суладнай працы, сіле, спрыту і хуткасці, удзельнікі каманды хімічнага факультэта прыйшлі першымі. Гэта была не апошняя наша перамога, чатыры чалавекі з нашай каманды, сярод якіх далікатная дзяўчынка, прынеслі нам перамогу яшчэ і ў турсцяжынцы! Мы бясконца ганарымся нашымі пераможцамі! Заняўшы годныя месцы, яны яшчэ разоў даказалі, што не абавязкова быць прафесіяналамі ў якім-небудзь відзе спорту, каб быць самымі лепшымі ва ўсім!
Што яшчэ змянілася на гэтых выхадных? Амаль нічога асаблівага, акрамя таго, што на хімфаку, як высветлілася, вучацца Мэрылін Манро, Элвіс Прэслі, Одры Хэпберн, Шон Конэры, Сафі Ларэн і іншыя зоркі Галівуду. Частку гэтых таленавітых людзей, якіх памятае ўвесь свет, і частку падзей, якія адбываліся ў тыя гады, мы паспрабавалі перадаць усім, хто знаходзіўся побач з намі на працягу гэтых трох дзён. Упэўнена, у нас гэта атрымалася, і ўсе яшчэ не раз успомняць наша творчае выступленне. Дыскатэка, вогнішчы, гітары, песні, выдатная атмасфера – усё гэта найлепшы спосаб адцягнуцца ад вучобы і проста пагутарыць з выдатнымі людзьмі, што мы і зрабілі!
У трэці, выніковы, дзень мы павінны былі плыць на байдарках. У конкурсе павінны ўдзельнічаць хлопец і дзяўчына, таму да нашага выдатнага сакратара Трэмзінай Валерыі далучыўся ўдзельнік нашай каманды, які ў байдарку сеў упершыню. Але гэта, у чарговы раз, не стала для нас перашкодай. І, саступіўшы ўсяго некалькі секунд пераможцам, мы занялі ганаровае трэцяе месца!
Прайшоўшы ўсе выпрабаванні, мы хваляваліся, інтрыга захоўвалася да апошняга моманту. Мы сур’ёзна рыхтаваліся, вельмі стараліся, праходзячы ўсе выпрабаванні з максімальным майстэрствам. Мы прыехалі за перамогай І СТАЛІ ПЕРАМОЖЦАМІ, апярэдзіўшы другое месца на ЧАТЫРЫ балы!
Гэтыя выхадныя запомняцца кожнаму з нас! Для многіх, як, напрыклад, для мяне, гэты турзлёт быў першым. Уражанні ад мерапрыемства, ад выпрабаванняў, ад людзей, якія былі побач, апісаць немагчыма. Магу сказаць, што ўсё было на найвышэйшым узроўні. За гэтыя дні мы ўсе адкрылі ў сабе новыя таленты, даведаліся, што мы ўсе ў душы будаўнікі, танцоры, спартсмены, акцёры, кухары, ды і наогул суперскія турысты.
Мы занялі першае месца! Даказалі, што хімікі не толькі разумныя, а яшчэ і маюць поспех ва ўсіх відах дзейнасці, якія толькі бываюць! Атрымалі выдатныя прызы, набылі новых сяброў, адкрылі для сябе шмат новага. Я лічу, што гэта ўсё выдатная нагода ганарыцца тым, што ў нас ёсць! Ганарыцца нашымі спартсменамі, якія цудоўна абаранілі гонар каманды, ганарыцца і астатнімі ўдзельнікамі, якія, нягледзячы на ўсякія перашкоды з боку надвор’я і не толькі, на разу нават і не падумалі апусціць рукі. І галоўнае, ганарыцца тым, што ў нас ёсць БРСМ і БДУ, якія аб’ядноўваюць усіх, непадобных адзін да аднаго, нас!
Завяршылася мерапрыемства 25 мая ўрачыстым узнагароджаннем каманд-пераможцаў.
Яшчэ больш фота можна знайсці тут: http://vk.com/album-16271595_216179140