Людміла Міхайлаўна Хухлындзіна, начальнік Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай працы БДУ, нарадзілася ў г. Марыупалі, Украіна. Калі была ў старэйшых класах, прыязджала з мамай у Беларусь да сваякоў. Натхнілася Мінскам і пасля школы прыехала паступаць на гістфак БДУ.
— Чаму Вы абралі гістфак?
— Тут паўплываў выключна мой настаўнік гісторыі Алена Аляксандраўна Калікіна. Так атрымалася, што ў 9 класе яна была маім класным кіраўніком. Ды і гісторык яна ад Бога. Вось пад яе ўплывам я і пайшла на гістфак. Хоць у мяне па ўсіх прадметах было “роўна”, я ўдзельнічала ў розных алімпіядах. Мой настаўнік фізікі да канца не верыў, што я пайду на гістфак. Памятаю, як ён ужо на выпускным вечары мяне запрасіў танчыць і сказаў: “Ну не можаш ты паступаць на гістфак. Ідзі вывучаць фізіку ці матэматыку”.
Так, былі ў жыцці моманты, калі мне здавалася, што лепш бы гісторыя проста засталася маім хобі. А я б занялася матэматыкай, да прыкладу. Але з іншага боку, у нейкай ступені мая прыхільнасць да прыродазнаўчых навук і цяпер выяўляецца ў тым, што ў гісторыі я спрабую знайсці і ўбачыць вызначаныя заканамернасці. Мне заўсёды патрэбны адказ на пытанне “чаму?”.
— Як Вы пачыналі выкладаць? Памятаеце свае першыя заняткі па іншы бок кафедры?
— Пачынала я з “Гісторыі КПСС” для фізікаў і матэматыкаў. А іх вельмі складана было ашукаць. Яны звыклі да логікі. Яны заўсёды шукалі яе ў гісторыі. Тады мы вельмі шмат спрачаліся са студэнтамі. Яны былі з чымсьці не згодныя, прыводзіліся тэорыі, аргументы. Тады яны мяне вельмі многаму навучылі. Паказалі, што неабходная пэўная доказная база. Трэба не толькі завучваць калі і што, але і разумець чаму.
— Гэта быў Ваш асабісты выбар – выкладаць менавіта на факультэтах прыродазнаўчых навук?
— Не, мяне проста размеркавалі на кафедру гісторыі КПСС прыродазнаўчых факультэтаў. Потым я выкладала на гістфаку. А з гістфака мяне Аляксандр Віктаравіч Шарапа запрасіў, так бы мовіць, ствараць факультэт міжнародных адносін. Загад выйшаў у кастрычніку 1995 г. І мы з ім пачалі ўзмоцнена працаваць. Праўда, маё працоўнае месца як намеснкіка дэкана ФМА тады было на кафедры гістфака. А дэканат ФМА быў на вул. Бабруйскай, 7.
Я, дарэчы, яшчэ калі заканчвала гістфак, пачала займацца міжнароднымі адносінамі: пісала дыпломную працу ў дадзенай сферы. Можа, я і не была ніколі непасрэдна звязана з міжнароднымі адносінамі, але мне заўсёды была цікавая гэта тэма.
— А як Вы ставіцеся да таго, што сярод моладзі і не толькі цяпер становіцца папулярным вывучаць і далучацца да культуры Усходу? Займацца ёгай, напрыклад.
— Я лічу, што ва ўмовах, калі дзеці сутыкаюцца з зусім іншым успрыманнем свету, сябе ў гэтым свеце, калі ўсё будуецца па-іншаму, гэта не дзіўна. Магчыма, нам незразумелая іншая культура. А тое, што незразумела, то цікава. Ды і да таго ж, у відавочным выглядзе ў тым жа будызме ідзе скіраванасць на чалавека. У хрысціянстве гэта троху па-іншаму будуецца. Але ёсць жа тыя, хто сыходзіць ад сучаснага жыцця і займаецца ўспрыманнем самога сябе незалежна ад рэлігіі.
— Тады яшчэ пацікаўлюся Вашым меркаваннем як спецыяліста міжнародных адносін. Часта можна цяпер у сацсетках сустрэць цытаты Далай-ламы ці Буды. Ды і ўсё больш студэнтаў пачынаюць вучыць японскую ці кітайскую. Гэта з чым звязана?
— Студэнты, якія вывучаюць усходнія мовы, незвычайныя. Часам мне здаецца, што ў іх вочы нават троху вузкімі становяцца (смяецца). Яны сапраўды апускаюцца ў гэты свет. Тут уплывае ўсё. Бо для таго, каб зразумець сутнасць мовы, трэба зразумець ментальнасць народа, тое духоўнае асяроддзе, якое існуе. Вельмі шмат складнікаў у дадзенай сітуацыі. Мне здаецца натуральным такое глыбокае апусканне ў тэму ва ўсіх сферах.
— А як Вы ставіцеся да саміх сацыяльных сетак? Ведаем жа, што ёсць у вас акаўнт у Фэйсбуку.
— Так, ёсць. Мне падабаецца тое, што там сабрана вялікая колькасць цікавай інфармацыі. Усё адсартавана, раскладзена па палічках. І ты можаш паказваць іншым, што табе цікава. А пасля ўжо адбіраць патрэбную табе інфармацыю для глыбейшага вывучэння.
— Гэта значыць як сродак зносін Фэйсбук Вы не выкарыстоўваеце? Са студэнтамі не перапісваецеся?
— Не, чаму ж, бывае. Але вельмі рэдка. Звычайна гэта ўжо выпускнікі, віншуем адзін аднаго са святамі. Хутчэй мне цікава назіраць, што ў іх у жыцці адбываецца. Хто замуж выйшаў, хто ў войска пайшоў, увогуле, хто чым жыве пасля ўніверсітэта.
Шмат ёсць студэнтаў унікальных, класных. За імі сачыць цікава.
— Прагартаўшы Вашу “сцяну” ў Фэйсбуку, я заўважыла, што ў Вас там вельмі шмат рэпостаў розных рэцэптаў. Вы праўда ўсё гэта гатуеце?
— Так, праўда. Я люблю здзіўляць сваіх гасцей. Кожны раз мне падабаецца гатаваць штосьці новае. Асабліва салаты. Але вось калі мяне просяць зрабіць салату, якую я рабіла ў вось такое свята і ён вось так зваўся, то я ці наўрад успомню. Акрамя розных салат вельмі люблю кітайскую кухню, міжземнаморскую.
— А ў Кітаі Вы былі?
— Так, у Пекіне, у Шанхаі. Гэта былі адукацыйныя семінары. Шчыра кажучы, то калі казаць пра захапленні, то маё хобі – гэта вандраванні. З мужам мы падарожнічаем шмат: і самі ездзім, і пуцёўкі купляем.
— Вось як Вам удаецца сумяшчаць гэтулькі ўсяго ў сваім жыцці? Можа, у Вас нейкі чароўны распарадак дня?
— А я яшчэ і пішу. Вось кніга, у якую ўкладзена вельмі шмат сіл і любові, і ёсць частка майго захаплення. Навучальны дапаможнік “Турызм і культурная спадчына” – гэта таксама як частка майго хобі.
Чараўніцтва няма ніякага. Я заўсёды была такой актыўнай. А цяпер проста ўстаю ў 4 і да 7 пішу. Збіраюся на працу, займаюся справамі сваёй пасады ў рэктараце. Пасля абеду іду выкладаць да студэнтаў.
— А як жа сям’я?
— Вечары прысвячаю мужу. Дзеці ў мяне ўжо дарослыя. Яны пагодкі: Сяргей старэйшы за Іру практычна роўна на год. З’явіліся яны, калі я жыла ў першым інтэрнаце БДУ, на вул. Свярдлова. Амаль адразу пасля выпіскі з радзільні ў другі раз я пабегла выкладаць. Пакідала Іру з бутэлечкай на грудзях спаць, а сама бегла на пару, суседак прасіла час ад часу прыходзіць і слухаць, ці не плача. З пары бегам дахаты. Цяпер я разумею, што рабіла памылкі. Але дзеці выраслі. Сяргей у свой час, дарэчы, скончыў юрфак БДУ, Іра – ФМА. Цяпер у дачкі ўжо трое дзяцей, свая сям’я. Так што вечары я праводжу з мужам, за разважаннямі, за чытаннем. Ну, яшчэ ў нас і кот Камэлот ёсць.
— А што чытаеце?
— Цяпер чытаю Ірвіна Шоу. Захацелася штосьці менавіта яго перачытаць. Люблю біяграфічныя кнігі, тое, што звязана з культурнымі гісторыямі, люблю матэрыялы на палітычную тэматыку.
— І ў завяршэнні нашай гутаркі, скажыце, што для Вас БДУ?
— БДУ для мяне – гэта ўсё. Гэта дом, гэта сям’я. Усё тое, што ў мяне было добрага ці дрэннага ў жыцці, усё гэта звязана з БДУ.
Вікторыя ВІЦЮГОВА
Фота: 1. Генадзь Краскоўскі; 2, 3, 4 Вікторыя ВІЦЮГОВА