Трыста школьнікаў з Беларусі не захацелі гэтым летам раз’язджацца па бабулях і дзядулях, а прысвяціць час фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы і астраноміі. У лагеры “Брыганціна” для іх арганізавалі адмысловую змену ў два тыдні, так званую Рэспубліканскую летнюю навукова-даследчую школу навучэнцаў і настаўнікаў. Разам з хлопцамі і дзяўчатамі двухтыднёвы навуковы марафон пройдуць іх важатыя і настаўнікі – студэнты, магістранты, выкладчыкі БДУ і НАН Беларусі. На адкрыццё змены прыехаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусі Міхаіл Жураўкоў.
Да афіцыйнага адкрыцця арганізатары пахваліліся перад гасцямі сваім музеем. А выхваляцца было чым. Навукова-практычная школа праводзіцца з 1995 г. З гэтага моманту і да 2013 г. праз яе прайшлі 2300 школьнікаў. Сёння на гэтую змену ў лагер нават быў конкурс, нешта каля паўтара чалавека на месца. Сярод пастаяльцаў ходзяць легенды пра людзей, якія траплялі на змену па 12 разоў, спачатку як школьнікі, а затым, паступіўшы ў БДУ, як важатыя. Жартам яе завуць “Лагерам Барыса”, у гонар Барыса Валянцінавіча Задворнага, які быў заснавальнікам і ўсе 20 гадоў прасоўваў школу.
Адкрыццё прайшло ў актавай зале галоўнага корпуса САК “Брыганціна”. Вольных месцаў, вядома, не было. Дзяцей пасадзілі, а некаторым важатым засталіся прыступкі. Сваё вітальнае слова сказаў Міхаіл Анатолевіч Жураўкоў:
— З задавальненнем прыехаў сюды, па-першае, каб сустрэцца з вамі, такімі разумнымі, прыгожымі. Вы – наша надзея. Мы думаем пра сваю забяспечаную старасць. Вы павінны нам яе забяспечыць. За вамі будучыня. Мы вельмі хацелі б перадаць вам тое, што мы не дарабілі, трошку разбурылі, трошку пабудавалі. Ну, а потым адпачывалі і бурчалі на вас. А па-другое, я проста люблю “Брыганціну”. Я вось зараз спрабаваў палічыць. У мяне сын прыязджае на гэтыя змены ўжо, пэўна, сёлета сёмы або восьмы раз. Вось тут якраз яго настаўнік стаяў. Бачыце, “Брыганціна” не адпускае.
Пасля канцэрта ўсе пабеглі фатаграфавацца на летнюю сцэну. Візіт міністра скончыўся круглым сталом з яго ўдзелам. Ну а змена скончыцца толькі 30 ліпеня. За гэты час школьнікі наведаюць шмат заняткаў па галінах, якія іх цікавяць, вылучаць сабе тэму навуковай працы, кіраўніка, зробяць гэтую працу.
У выніку самыя-самыя атрымаюць футболкі белага колеру, сімвал паспяховай змены, за які, кажуць, ідзе не абы-якая барацьба.
Віталь АРЭШКА
Фота 3: Андрэй ІЛЬ’ІН
ВІДЭА