30 замежнікаў з 8 краін прыехалі вывучаць беларускую мову і культуру на Міжнародную летнюю школу беларусістыкі (+відэа)

1 Sep, 2015.

летняя школа белорусистики БГУ 2015

Група з’ехалася ў панядзелак. Большасць — гэта маладыя лінгвісты з Венгрыі, Чэхіі, Германіі, Рэспублікі Польшчы, Славацкай Рэспублікі, Расіі, Кітая, Японіі, для якіх беларуская мова выклікае прафесійную цікавасць. Адкрыццё адбылося ў аўторак у будынку Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы БДУ.

Наперадзе гасцей і гаспадароў чакае напружаная праца, якая працягнецца да сёмага верасня. І пачалася яна ужо адразу пасля урачыстага адкрыцця. Хлопцаў і дзяўчат замацавалі за студэнтамі філфака БДУ.

летняя школа белорусистики БГУ 2015

Студэнты з Венгрыі

Зараз яны будуць працаваць у пары. Кіраўніцтва плануе пазнаёміць замежнікаў з беларускай мовай, літаратурай, культурай і гісторыяй усяго за два тыдні. Задача досыць складаная. Таму гасцей чакае вельмі разнастайная праграма ад наведвання Мірскага замка да майстар-класа з актывістамі “Мова нанаова” Глебам Лабадзенка і Алесяй Літвіноўскай. Але гэта толькі дадатак. У асноўным навучанне будзе нагадваць універсітэцкае і складацца з практычных заняткаў і лекцый.

Кіраўніцтва на адкрыцці прадстаўлялі рэктар РІВШ Віктар Гайсенак, дэкан філалагічнага факультэта Іван Роўда, старшыня Беларускага камітэта славістаў Аляксандр Лукашанец, прарэктар па вучэбнай рабоце БДУ Аляксей Данільчанка. Яны спадзяюцца, што школа, якая да рэчы, ладзіцца на базе універсітэта упершыню, стане традыцыйнай. Але для гэтага трэба заахвоціць як мага больш людзей наведаць нашу краіну, пазнаёміцца з яе гісторыяй мовай і культурай. Менавіта на гэта будзе працаваць Міжнародная летняя школа беларусістыкі. Вось што кажа на гэты конт старшыня Беларускага камітэта славістаў Аляксандр Лукашанец:

председатель Белорусского комитета славистов Александр Лукашанец Летняя школа белорусистики

Старшыня Беларускага камітэта славістаў Аляксандр Лукашанец

У прынцыпе, заўсёды ёсць цікавасці да вывучэння іншых моў, іншых літаратур, іншых культур. І Беларусь, беларуская мова, беларуская культура не з’яўляюцца у гэтым сэнсе выключэннем. А паколькі Беларусь мае багатую і цікавую гісторыю, мае старажытную беларускаю мову, мае старажытныя багатыя пісьмовыя традыцыі, цікавасць да беларускай праблематыкі ў свеце заўсёды існавала. І нездарма пры многіх еўрапейскіх універсітэтах існуюць кафедры беларусістыкі, дзе вывучаецца і беларуская мова, і літаратура, і культура. І зараз, калі Беларусь уваходзіць у, скажам так, сусветнае супольніцтва, як незалежная славянская краіна, цікавасць да гэтага павышаецца, і больш таго, заўсёды патрэбны спецыялісты, якія могуць даць кансультацыю па розных аспектах жыцця іншай краіны. Калі колькасць удзельнікаў вось гэтай школы беларусістыкі даволі значная і мае тэндэнцыю да павелічэння, то гэта сведчыць, што павялічваецца цікавасць і да Беларусі.

Паводле звестак “Звязды”, беларускую мову за мяжой выкладаюць у Варшаўскім, Люблінскім, Беластоцкім універсітэтах, у Альдэнбургу, Ляйпцыгу (Германія), у Будапешцкім універсітэце, у Прэшаве (Славакія), ў Бялградскім універсітэце, у Карлавым універсітэце ў Празе, у Бранскім універсітэце, а таксама у Гарвардзе. Некаторыя студэнты пасля курсаў на радзіме прыязджаюць сюды на стажыроўку, каб удасканальваць мову.

У кулуарах, калі урачыстая частка ужо скончылася, а заняткі яшчэ не паспелі пачацца, давялося паразмаўляць з японкай Сіёры Кіёсава, якая надзіва добра валодае беларускай лексікай (наступны тэкст пададзены без аніякага пераклада):

Сиёри КИЁСАВА ЛЕТНЯЯ ШКОЛА ЖУРНАЛИСТИКИ БГУ

Я вывучаю беларускую мову ўжо тры гады, — распавядае Сіёры Кіёсава

Я вывучаю беларускую мову ўжо тры гады, — распавядае дзяўчына.— Але атрымалася, што толькі першы год быў з выкладчыцай. Потым прыйшлося самастойна. Таму я вельмі рада гэтай магчымасці. Таму што з іншымі студэнтамі мы можам вывучаць мову, абмяркоўваць сваю думку. І, канешне, я хацела б паляпшаць сваё валоданне беларускай мовай, і яшчэ я хацела бы падзяліцца сваей цікавасцю да беларускай мовы з іншымі студэнтамі. Навошта я вывучаю беларускую мову? Добрае пытанне. Зараз ў Японіі не вельмі шмат ведаюць беларускую мову нават славісты. Таму я лічу што хаця б адзін спецыяліст патрэбны. Таму я вельмі стараюся паляпшаць свае валоданне беларускай мовай і, калі магчыма, стаць спецыялістам, каб працаваць ў Японіі. Але гэта пакуль мара. Пакуль я не вырашыла працаваць тут, таму што вельмі адрозніваецца асяроддзе, — разважае Сіеры і потым дадае у адказ на іншае мае пытанне. — Нажаль, ёсць такія японцы, якія зусім не ведаюць пра існаванне краіны Беларусь, але пасля землятртруса 2011 года з’явілася такая цікавасць. Таму што тут вельмі сурёзная праблема, звязаная з чарнобыльскай аварыяй, а у нас так сама праблема з Фукусімай. І некаторыя японцы, яны актыўна цікавяцца сітуацыяй ў Беларусі. І як раз у гэтай школе ёсць з Фукусімы адна японка, але, на жаль, яна зусім не ведае беларускую мову.

Застаецца толькі заўважыць, што гэта не самая лепшая нагода для знаёмства дзвюх краін. Але спадзяемся, што Міжнародная школа беларусістыкі запомніцца дзяўчыне па добраму, і ў японцаў з’явіцца больш магчымасцей даведацца пра беларускую культуру.

Віталь АРЭШКА

IMG_2379

print

Вам таксама можа спадабацца: